Старонка:Svejk.5.pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З вечара калекі былі перанесены ў пусты барак, і сьляпыя, бязногія і бязрукія кінуты бяз догляду, бяз дапамогі, бяз стравы на ніжніх лавах. Яны змовіліся паміж сабой і ўласнымі сіламі перабраліся на верхнія. І вось адтуль салдат бяз рук і бяз ног зваліўся ўніз, тварам у гразь, і задушыўся.

Марэк і Швэйк прасунуліся разам з іншымі ў гэты барак. Рукі і твары скалечаных былі чорныя ад процьмы галодных блох, якія абляпілі іх, сабраўшыся на банкет з усяго барака. Над нябожчыкам схіліўся расійскі вайсковы лекар, торкаючы яму на невашта градусьнік у пусты рукаў і лаючыся, што градусьнік дрэнна паказвае. Потым лекар зьдзеў шапку, выцер лоб і пахмура сказаў:

— Ён, здаецца, яшчэ ня зусім памёр. Яго магло-б выратаваць штучнае дыханьне. Але як гэта зрабіць, калі ў яго няма рук?

*

Швэйк зірнуў на лекара і на нябожчыка і пачаў папракаць нябожчыка:

— Вось бачыш, што выйшла з таго, што ты дазволіў на фронце адбіць сабе абедзьве лапы. Вось і памірай цяпер бяз лекарскае дапамогі і штучнага дыханьня! Хіба цябе, дурня, у школе ня ўчылі, што кожная рэч можа на што-небудзь іншым разам прыдзецца і што таму яе трэба берагчы?

— Маўчаць! — крыкнуў лекар, і салдат пачаў выпіхаць Швэйка і Марэка з барака. Лекар застаўся яшчэ на хвіліну пры нябожчыку і, зірнуўшы на офіцэраў, заклапочана сказаў:

— На бліжэйшай мірнай конфэрэнцыі трэба будзе падаць прапанову ўдасканаліць гранаты такім чынам, каб яны адрывалі рукі не далей локцю. Як гэта магло здарыцца, каб навука, як вось у гэтым выпадку, была бясьсільная і людзі паміралі?

У другім бараку пісклявы запэўняў, што іхны таварыш знарок скончыў самагубствам, а гэта, уласна гаворачы, лепшае, што можна зрабіць у гэтай праклятай вайне…

*

У бараку дні ішлі за днямі, аднастайна шэрыя, як брудныя каралі на матузку. Людзі амаль ня былі знаёмыя адзін з адным, бо па-за «дзесяткай» ня мелі ні з кім зносін. Дзень праходзіў