Старонка:Svejk.5.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кавалачку мыла, пасьля чаго вартавыя павялі палонных, кожны барак паасобку, за дзьве вярсты ад гораду ў лазьні. Па дарозе іх дагнаў ордынарац палкоўніка, які перадаў дадатковы загад — даць палонным магчымасьць вымыць сабе бялізну, пакуль іхную вопратку будуць дэзынфэктаваць.

Але ў лазьнях былі яшчэ расійскія салдаты, і палонным зноў не заставалася нічога іншага, як скакаць з нагі на нагу і махаць рукамі, каб ня зьмерзнуць. Нарэшце, праз дзьве гадзіны, зусім скалелых людзей пусьцілі, і ўнтэр-офіцэр, які загадваў лазьнямі, падаў каманду:

— Ну, хутка распранайся! Вады засталося мала!

Падганяючы палонных паясом па мяккіх частках, ён вынесьці ўсю вопратку ў калідор і пусьціў іх у памяшканьне, з якога валіла пара. Палонныя ледзь узяліся за ражкі, як ужо за імі апынуўся другі расійскі ўнтэр-офіцэр і таксама пагнаў іх пасам у другія дзьверы, так што яны нават не пасьпелі хоць раз абліцца вадой.

Такім чынам атрымалася магчымасьць сказаць па тэлефону палкоўніку, які якраз абедаў, што ўвесь лягер палонных пабыў у лазьні. Палкоўнік зараз-жа зьвярнуўся да свае жонкі, маладой прыгожай блёндынкі, са словамі:

— Любая, калі табе так патрэбны кравец, дык выберы сабе такога мастака сёньня-ж у лягеры. Гаўрыла Міхайлавіч цябе правядзе. Людзі сёньня пабылі ў лазьні, чыстыя, і таму можна не баяцца мець з імі справу.

Але жонка яго скрывілася і адказала:

— Як вы далікатны! Мэрсі, мой друг! Але кравец ня так ужо мне патрэбны. Я пачакаю, пакуль вы здолееце пайсьці са мною. Вы-ж пойдзеце ў лягер з дэлегацыяй Чырвонага Крыжу? Добра было-б, каб у ёй быў хто-небудзь з маіх знаёмых, напрыклад, мая сяброўка Лялечка.

Успамін пра гэту сяброўку, з якой яна ў інстытуце была ўпэўнена, што ніводзін юнкер ці корнэт ня ўмеў цалавацца так, як іхны духоўнік, паважны інстытуцкі бацюшка, — расчуліў маладую жанчыну да таго, што яна кінулася цалаваць свайго старога, шчыра шкадуючы, што ён ня мае здольнасьці таго бацюшкі…

Тым часам у лягер прышла новая партыя палонных. Каля барака стаяла група расійскіх салдат; доктар і офіцэры ўвайшлі ў барак.