Старонка:Svejk.5.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аб іх былі дужа сумленнымі. Ніводзін офіцэр, ніводзін фэльдфэбель ніколі ня быў упэўненым, што перад ім ня зьявіцца раптам, як з-пад зямлі, палкоўнік Клягэн, які абавязкова загадае весьці яго да палонных і запытае іх, ці атрымалі яны мыла і бялізну, якую ён загадаў ім выдаць, уласнымі рукамі зважыць хлебныя пайкі, а на кухні праверыць колькасьць пакладзенага ў страву мяса і прыпраў і пакаштуе страву. І за кожны выяўлены крадзеж у яго была адна кара: адсылка на фронт!

— Калі ты умееш абкрадаць палонных, галубок, — казаў ён, кпліва пасьмейваючыся, — дык ідзі і паваюй з імі і на фроньце!

На няшчасьце для палонных ён зваліўся з каня і нешта дужа пашкодзіў сабе; дактары ня выпускалі яго з хаты, дазваляючы яму толькі рэдка калі, дый то на кароценькі час, бываць у канцылярыі. Уся зграя чыноўнікаў хутка зразумела, што цяпер і на іхнай вуліцы кірмаш, і комэндатура ў Омску за адзін тыдзень зрабілася такая-самая, як усюдых у Расіі. Пачалася новая зра, — эра пад лёзунгам: «Рабуй і ня бойся!» Палонных абкрадалі на бялізьне, абутку і вопратцы, на муцэ, крупах, мясе і мыле; самавольна павялічвалі цэны ў крамах, якія дастаўлялі палонным усё неабходнае; у палонных на кожным кроку што-небудзь адбіралі, і баракі зрабіліся разбойніцкімі гнёздамі.

У той дзень, як Швэйк трапіў пад загад палкоўніка Клягэна, таму сказалі, што прышло паўтары тысячы палонных аўстрыйцаў. Той зірнуў у падрыхтаваную на заўтра ведамасьць і загадаў:

— Выдаць кожнаму палоннаму па кавалку мыла за сьнежань…

— Прабачайце, ваша правасхадзіцельства, за студзень, — зазначыў ад’ютант, перагортваючы каляндар.

— Не, за сьнежань, — рэзка падкрэсьліў палкоўнік. — Загадайце, каб лазьня была падрыхтавана з раніцы. З гарнізону будзе толькі батальён, які ідзе на фронт. З сёмай гадзіны пускаць у лазьню толькі палонных. Колькі трэба ім выдаць бялізны? У нас бялізны хопіць?

— Так точна, ваша правасхадзіцельства! — ляснуў шпорамі ад’ютант.

Каб не спазьніцца ў лазьню, палонных пабудзілі а палове пятай і вытурылі іх на двор. Да шостай яны хадзілі на траскучым марозе па двары і пераступалі з нагі на нагу перад замкнутай канцылярыяй; потым зьявіўся фэльдфэбель і выдаў ім па