Старонка:Svejk.5.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У вакно сьвяціў месяц. Неба было цёмнасіняе, паветра — такое чыстае і халоднае, што бліскала месячнае сьвятло, якое пераламлялася ў ім у выглядзе крыжу. А ў бараку, сярод двухсот пяцьдзесяцёх чалавек, якіх зьвяла разам вайна і сьляпы выпадак, ішлі політычныя спрэчкі, расказваліся анэкдоты, перадаваліся любоўныя прыгоды, і людзі, ня бачучы адзін аднаго, узаемна прызнаваліся ўва ўсім, што было ў іх па судох, з крэдыторамі, з начальствам, з жанчынамі…

І гэта была такая ідылія і так поэтычна, нібы сцэна з якога прачулага фільму «з жыцьця нашых шэрых герояў».


*

За вайсковага комэнданта Омску, пад ведамам якога знаходзіўся і лягер палонных, быў палкоўнік Клягэн, з бальтыцкіх немцаў. Гэта быў паджылы чалавек, сумленны служака і наскрозь салдат. Тая акалічнасьць, што ён сам быў немец, не засталася, пэўна, бяз уплыву на яго адносіны да палонных, І ня ён, а паводзіны саміх палонных спрычыніліся таму, што яго сымпатыі да іх раптам астылі. Дадзеная палонным свабода руху і магчымасьць што-кольвечы зарабіць, зрабілася ў адных свабодай жабрачыць, а ў іншых, якія мелі магчымасьць зарабляць грошы ці прымаць іх ад шалапутных жанчын, абярнулася ў нахабнасьць і провокацыйныя адносіны да ўсяго расійскага, якім яны з свайго заходня-эўропэйскага погляду страшэнна пагарджалі.

Да комэнданта пачалі прыходзіць скаргі, што палонныя займалі ў тэатрах самыя дарагія месцы, зьяўляючыся туды з няпрыстойнымі жанчынамі, чым абураліся расійскія матроны, якія хацелі агарадзіць сваіх дачок ад такой грамады. Расійскія офіцэры скардзіліся, што палонныя пераплочвалі рамізьнікам, каб перабіць іх у офіцэраў, ня гледзячы на тое, што тыя іх нанялі раней. Праз поліцыю прыходзілі скаргі ад гандляроў, што палонныя цягнуць з рынку ўсё, што дрэнна ляжыць…

Такім чынам палкоўнік быў прымушаны раз-по-раз падцінаць крыльлі палонным, якія занадта ўжо вырасьлі, нават у параўнаньні з агульнавядомым расійскім дабрадушшам і гасьціннасьцю, і, нарэшце, зрабіць тое, што даўно ўжо было зроблена па Ўсёй Расіі і Сібіры: замкнуць палонных у іхным лягеры.

Аднак ён і надалей застаўся прыхільны да іх, і яго клопаты