Старонка:Svejk.5.pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта мяккія дошкі, — паспрабаваў супакоіць яго Швэйк, — і голыя яны былі заўсёды. На дошках валасы не растуць.

— Але яны мяне ціснуць! — піснуў чужаедавод. — Вось зірнеце, што ў мяне зрабілася ад гэтых праклятых дошак.

Ён зноў спусьціў порткі, паказаў свае сьцёгны і павярнуўся на бок. Потым схапіў руку Гаршыны і паклаў яе на іх.

— Што, добрыя мазалі? Га? Каб было відней, дык убачылі-б, што яны пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі. Ведаеце што? Калі правільная тэорыя Дарвіна, дык нашы дзеці народзяцца простымі як лінейка, каб іх нічога ня ціснула, калі яны будуць спаць на голых дошках.

Ён пакалупаў пазногцем мазалі і самазадаволена заўважыў:

— Ды яны ў мяне цяпер такія, як гарбы ў вярблюда.

У барак увайшоў адзін з вартавых і крыкнуў:

— Дзевятая гадзіна! Ляжаць ціха! Гасі сьвятло!

Нехта пагасіў лямпу, і лавы патанулі ў непрагляднай цемры. Пісклявы ў адказ на салдатавы словы паслаў яму наўздагон лаянку і палез праз галовы сонных, на сваё месца. Але хутка зноў пачуўся яго голас:

— Таварышы, раскажэце што-небудзь са свайго жыцьця. Ты там, навічок, які з Прагі, пачынай. Як цябе завуць?

— Швэйк Яззп, — адгукнуўся той. — Я тут з Марэкам з 91-га палку. Быў на фроньце. Дык вось, браццы, было гэта ў часе манэўраў, калі…

І словы, якія доўга стрымліваліся дагэтуль, пацяклі з Швэйка, як вада з ставу, калі адчыніш застаўкі. Усе вакол сьціхлі, ляглі на жывот, абаперліся лакцямі ў дошкі і абхапілі галовы рукамі. Апавяданьні Швэйкавы перапыняліся толькі паасобнымі сказамі накшталт: «Так, у бацькі было тры сыны», — «… ёй было год трыццаць, і яна ўсю ноч пратрымала мяне ля сябе», — «… вось прынцып і кажа: «Прынцэса Залатыя кудры, падаруй мне свой чаравік», — «… я яму кажу: «Ты хочаш быць чэхам, а робіш такую брыду» і раз яго па мордзе!», — «… дык гэта-ж зразумела, гэта змаганьне міжнароднага капіталу», — «… што-ж, паступім у іхную армію, а яны будуць ваяваць да таго часу, пакуль нас усіх не паб’юць», — «… а ты ня чухайся, бо інакш яны табе ўядуцца пад скуру», — «… калі-б я зрабіў яе цяжарнай, яе-б аддалі за мяне, і мне-б ня трэба было цяпер клапаціцца аб ёй».