Старонка:Svejk.5.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прачытаў Марэк, трымаючы блёкнот ля агню. «На ўспамін аб Фэрдынандзе Кохауце, узводным 56-га пяхотнага палку з Седлеца пад Гарой Кутнай».

— У мяне ёсьць вершы і ад іншых таварышоў, — пахваліўся пісклявы. — Вось, напрыклад, вершы, дзе напісана: «На добры ўспамін ад твайго адданага сябра Язэпа Поспішыля, абаронца Перамышля і краўца ў Рэбовідзе пад Колінам». Адным словам, можна-б было наладзіць цэлы літаратурны вечар.

— Што-ж, такія добрыя вершы ня кожны напіша, — сказаў Швэйк, аддаючы блёкнот назад гаспадару.

Пісклявы з новай бутэлечкай у руцэ, пагардліва плюнуў:

— Яшчэ як! Добрыя рэчы рабяцца толькі з голаду! А тыя поэты, якія пішуць пра прыгожых паненак, пра месяц, бэз, які цьвіце на Лаўрэнавай гары, усё — глупства!

Агаласіўшы такі строгі прыгавор над поэзіяй і лірыкай, ён зноў страсянуў сваю бутэлечку.

— Вось тут, шаноўная публіка, у мяне ёсьць вошы, над якімі я рабіў якія-колечы досьледы. Так, напрыклад, я іх на працягу паўгадзіны варыў, але гэта іхнаму здароўю не пашкодзіла. Клоп, наадварот, гатаваньня ня вытрымлівае. Таму і ашпарваюць ложкі варам. За тое ўшчуваю клапоў холадам. Пры дваццацёх градусах яны бегаюць, каб сагрэцца, пры трыццацёх яны зьбіваюцца ў гурт і лезуць адзін на аднаго; а калі я выставіў іх на цэлую ноч пры саракаградусным марозе, дык ад іх толькі порах застаўся. Як кажуць: «От праха взят и во прах обратишся!» — прадэклямаваў ён; убачыўшы-ж, што нехта пад ім узьдзеў на басанож пантоплі і накінуў на плечы шынэль, каб зьбегаць у прыбіральню, ён аддаў яму сваю бутэлечку і папрасіў: — Будзь ласкаў, пастаў яе на прыталку, каб паглядзець, што будзе з імі заўтра!

Потым ён апрануў порткі, зашпіліў кашулю і сказаў:

— Нельга іначай, таварышы. Вось я тут дурэю, але з большай ахвотай я-б завыў воўкам…

— Сьмейцеся, сьмейцеся, сябры мае, — уздыхнуў Худэчак, гледзячы на Гаршыну, які нешта лавіў у сябе на нагах, — але я не павінен успамінаць пра дом. Нікэляваны ложак, белыя пухавікі, і жонка там адна-аднэй… А я тут сярод вас на голых дошках…

І Худэчак гучна пацягнуў носам паветра.