Старонка:Svejk.5.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А я, — пачуўся пісклявы голас, адразу як прыду дамоў, пастаўлю на пліту казан вады, і вымыюся ў карыце. Нічым я так ня радуюся пасьля сканчэньня вайны, браццы вы мае, як чыстай, добра выгладжанай бялізнай. Яна так дзівосна пахне!

— Я лічу, што так вось да вясны ўсё будзе скончана, — сказаў нехта з групы ценяў, якія скакалі па сьцяне, — і што, калі пасьпеюць вішні, мы будзем ужо ўдварэ. Я папрашу зрабіць мне цэлую міску варэньнікаў з чорных вішняў, якіх у мяне так многа ў садзе, і каб масла пусьцілі як найбольш. Жонка мая служыла за кухарку ў свае радні, у папа; дык яна, я вам скажу, так гатуе, што вы і ня бачылі такога.

Пісклявы пачаў ззаду за імі прыладжвацца да сну; шчоткай, у якой амаль уся вывалілася шчэць, ён вычысьціў пад сабой лаву, і расклаў на ёй усю сваю вопратку, лаючы Аўстрыю, Расію і ўвесь сьвет. Потым ён асьцярожна лёг, але амаль зараз-жа ўскочыў.

— Езус-Марыя! Гэта-ж немагчыма! Не пасьпеў я легчы, як гэтыя падлюгі, блохі, скачуць па мне і кусаюцца, нібы ўсяго мяне коляць голкамі! Ой, браццы! Гэта-ж горш, чым калі-б чалавеку пусьціць у цела электрычны ток!

Ён пачаў чысьціць шчыліны паміж дошак трэсачкай і выкалупаў адтуль крыху гразі, якая раптам аджывілася і з якой ва ўсе бакі паскакалі блохі. Тады ён, апусьціўшыся на калены, у маленьні склаў рукі і сказаў:

— Гэта нясьцерпна! Дзіўна, як гэта яны мне яшчэ вачэй ня выелі! — і, блукаючы поглядам па кроквах страхі, з рыданьнем у голасе дадаў: — Не, я гэтага ня вытрываю, я задаўлюся, каб іх, падлюг, пярун папабіў!

Ён зьняў з сябе порткі і кашулю, вытрас адно і другое, не зважаючы на протэсты жыхароў ніжэйшых паверхаў, якія крычалі яму, каб ён пакіуў свае скарбы сабе, бо ўнізе гэтага дабра досыць, і палез голы, як быў, на лаву паміж Швэйкам і Марэкам, цягнучы за сабой свой хлебны мяшок.

— Таварышы, — сказаў ён, крыху ўзвысіўшы свой голас і ўрачыста выцягваючы з мяшка некалькі бутэлечак і шклянак, — вось зірніце, я разводжу чужаедаў на навуковых асновах. Я, казаў той, займаюся сельскагаспадарчым разьвядзеньнем дробнае жывёлы. Тут у мяне, — ён узьняў угару бутэлечку з цёмнага шкла, — клапы, злоўленыя ў Чыце; яны сядзяць тут у мяне ўжо