Старонка:Svejk.5.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня думай, што табе прыдзецца спаць, — зьвярнуўся да яго сусед, вытрасаючы ў калідоры свае порткі. — Блохі табе ўсёроўна заснуць не дадуць, пакуль ты да іх ня прывыкнеш. А клапоў на табе няма? Калі няма, дык ты, браце, шчасьлівы чалавек! У мяне ўсё цела, як у агні. Нібы я ляжу на крапіве.

— А скалечаныя ўсё яшчэ на двары, — паведаміў Гаршына, калі вярнуўся, ляскаючы зубамі ад холаду. — І да гэтага мароз, як на Паўночным канцавосьсі.

— Значыцца, уначы месяц будзе ў выглядзе крыжа, раз так холадна, — загаварыў сусед з правага боку, сьцелячы на лаве куртку. — Так, няма чаго казаць, добрая тут мясьціна.

Ён выняў увесь хлеб са свайго хлебнага мяшка і паклаў яго на паліцу, а мяшок паслаў вышэй за куртку, каб не ляжаць галавой проста на дошках. Лёгшы, ён уздыхнуў і жаласна заскіголіў:

— Таварышы, ці дасьцё веры вы мне, калі бачыце мяне ў такім становішчы, што ў мяне на радзіме вялікі хутар у семнаццаць гэктараў зямлі? Ці дасьцё веры, што ў мяне жонка грае на роялі, што ў нас тры пакоі і два нікэляваных ложкі адзін ля аднаго? Ці дасьцё веры, што ў нас падушкі — да самай столі? Ці скажаце вы, што я толькі ў чэрвені жаніўся, а ў жніўні быў ужо ў Расіі? Я сваёй жонкай наогул яшчэ не пакарыстаўся, а што гэта за жанчына, я да вясельля ня ведаў.

— Дрэнная твая справа, браток, — спагадліва сказаў Швэйк. Цяпер табе ўжо мала чым прыдзецца пакарыстацца на белым сьвеце. Вось у цягніку расказвалі, што абвешчана такая пастанова, каб палонных не абменьваць. Мы, значыцца, застаемся тут, а расійцы — у нас. Дык выходзіць, што тут і там прыдзецца адно памяняцца на жонак!

— Ня можа гэтага быць! — спалохаўся сусед. — У мяне-ж удварэ электрычная малатарня.

Ён задумаўся і ў сумненьні паківаў галавой. Потым сеў на лаве і ўрачыста абвясьціў:

— Я Карэл Худэчак з Ніжне-Льхоты. І я сваё яшчэ вазьму. Калі прыду дамоў, дык вазьму жонку да сябе ў ложак, закідаю вокны гноем, замкну вароты і дзьверы і два тыдні нікога ня буду да сябе пускаць.

І ў яго вільготных ад сьлёз вачох загарэўся маланкай дзікі шал.