Старонка:Svejk.5.pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Таварышы, — пачаў упрашаць Швэйка чалавек з пісклявым голасам, — лезь ты, калі ласка, на сваё месца. А так вы яшчэ ўчэпіцеся адзін у аднаго, і тады архангелы вас абудвых адлупцуюць бізунамі.

І ён паказаў рукою ў кут, куды падала сьвятло ад лямпы ў вартавым памяшканьні. Рыпнулі дзьверы; у калідор, хістаючыся, выйшаў дзяжурны і сказаў:

— На пагулянку станавіся! Наперад! Арш!

Ён адшпіліў шырокі, тоўсты скураны пояс і пачаў зганяць ім палонных з лаў за дзьверы. Чалавек з пісклявым голасам нахіліўся да Швэйка і, лічучы сябе за ягонага інформатара, растлумачыў яму:

— Ён п’яны. Яны цэлы дзень п’юць політуру і дэнатур. Яны нас абкрадаюць. Зараз нас будуць лічыць, колькі пайкоў хлеба нам атрымаць.

— Гэй, капралы, пастаўце сваіх людзей! — скамандваў дзяжурны, і «дзясяцкія» паставілі перад ім сваіх падначаленых, дакладаючы:

— Два ў наяўнасьці, трое бяз ботаў, адзін без парток, адзін бяз шынэлі і адзін на працы. Усяго дзесяць чалавек.

Дзяжурны з задаволеным тварам паставіў рысачку ў сваёй тоўстай запісной кніжцы і перашоў да наступнай групы. Там дзесяцкі таксама пералічыў сваіх таварышоў, і, нарэшце, дзьве сотні палонных вырасьлі паводле гэтай аўстра-расійскай бухгальтэрыі ў пяцьдзесят два дзесяткі.

Дзяжурны падлічыў рысачкі ў сваёй кніжцы і пачаў правяраць лік наяўных груп. Але ці таму, што на дваццацёх з нечым ён зблытаўся, ці таму, што ў яго язык заплятаўся, ці таму, што ў гэтым змроку ў яго лічбы расплываліся ў кніжцы, — ён лічыць так і ня кончыў, а пагардліва кінуў:

— М-мм, на месца! Ллажыся, хлопцы!

На самай сярэдзіне барака чадзела маленькая вісучая лямпа, пад якой прымасьціліся гульцы ў карты і разьбяры алюміневых пярсьцёнкаў. Гульцы спрачаліся, алюміні рыпеў пад напілкам, і Гаршына сказаў:

— Братцы-таварышы, няўжо-ж мы ляжам спаць, не вячэраўшы? Дайце мне хоць некалькі капеек, я зараз зьбегаю ў краму!