Старонка:Svejk.5.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Скора! У той-самы дзень, як яго падпішуць, — сур’ёзна адказаў Гаршына.

— Ня чмуры, брыда! — зноў грымнула з цемры.

— Тут пахне аптэкай, — зазначыў Швэйк, узьлязаючы сьледам за Гаршынам на лаву, тым часам, як цяжкое паветра прымусіла Марэка закашляць, а поруч з ім нехта злосна буркнуў:

— А ты-б здагадаўся захапіць з фронту супрацьгазавую маску. Ці ты можа, думаеш, што цябе тут будуць абпырскваць одэколёнам ці духамі?

— Гэта было-б нядрэнна, — адгукнуўся Швэйк.

— Дык табе, дурню, трэба было быць за генэрала ці, прынамсі, палкоўніка, — адказаў нечы голас. — Тым жывецца лепш. Кусманэк[1], напрыклад, у Петраградзе, і павінен выпіваць у дзень па пяць літраў сьпірытусу, каб лепш захавацца. Так, так, з офіцэрамі тут зусім інакшая справа!

Гэта прамова кончылася глыбокім уздыхам. З боку пачуўся пісклявы голас:

— Было-б досыць, каб ты быў нават за падпаручніка. Калі мы стаялі ў Пікушыне, там стаяла стаяла пяць нашых малодшых офіцэраў. Жылі яны хто ў папа, хто ў акушоркі, хто дзе, і расійская казна выдавала ім па пяцьдзесят рублёў у месяц, дык у іх толькі і было на думцы, што выпіўка ды жанчыны. Пападзьдзя, фэльчарыха, настаўніца, усе, ад каго ня пахла гноем, прыходзілі да іх у госьці і банкетавалі да раніцы. Напіваліся ўшчэнт, а адзін, калі мы з тэй вёскі выходзілі, застрэліўся.

— А як яго хавалі: з музыкай? — заклапочана запытаў Швэйк, а пісклявы голас абурана адказаў:

— Езус-Марыя, што ты за ідыёт! Я-ж кажу, што ён застрэліўся п’яны!

— Відаць, ён дужа разнэрваваўся, — азваўся Швэйк, паўзучы ў цемры на голас. — З ім здарылася тое-самае што з профэсарам матэматыкі, які жыў на Ячменнай вуліцы ў новым доме, дзе капітальныя сьцены таўшчынёй у адну цагліну. Побач з ім жыў адзін чыноўнік, які пусьціў да сябе кватарантку, консэрваторку, якая цэлы дзень грала на раялі. Дык наш профэсар праз два тыдні пайшоў, купіў сабе браўнінг і…

  1. Генэрал, комэндант Перамышлю, які здаў цытадэль расійцам.