Старонка:Svejk.5.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Палонныя зашыліся ў салому; офіцэр, убачыўшы што ўсе месцы заняты, паслаў салдат, каб прывесьці яшчэ сялян і нагружаў далей іхныя пустыя сані жывым зьмесьцівам цяплушак.

Пад канец канвойныя палезьлі ў цяплушкі і вынесьлі адтуль нейкія дзіўныя скруткі ў шэрых лахманох — жывыя тулавы бяз ног, бяз рук, людзей з выпаленымі вачыма, з расьсечанымі тварамі, з пакрыўленымі, скаручанымі сьпінамі. Іх склалі, нібы дровы, на санкі, і офіцэр, які з жахам глядзеў на гэтыя рэшткі людзей, узьняў руку і крыкнуў:

— Божа! Што нарабіла вайна! Але, дармо, хлопцы, хутка будзе замірэньне, і тады вы паедзеце дамоў, да жонкі, да дзяцей!

І ён не зразумеў, чаму абрубкі на санях раптам узьняліся, зноў адкінуліся назад, уздрыгнулі і не пераставалі дрыжэць, калі санкі пераехалі ўжо праз рэйкі і сяляне хрысьціліся ад страху.

Потым ён сеў у свае санкі, выехаў наперад і скамандзваў:

— Рухай! Мы едзем у лягер, хлопцы; там вам будзе добра!

Хутка яны прыехалі да шырознага абгароджанага месца, сярод якога стаяў вялікі барак. За ім была відаць чарада хатак з маленькімі, бруднымі вокнамі.

Салдаты склалі скалечаных проста на сьнег, а здаровых павялі ў канцылярыю, дзе іх перапісалі. Да скалечаных-жа падыйшлі коні, зусім зашаранелыя і ўкрытыя ляднямі, якія зьвінелі пры кожным русе. Яны абнюхалі іх, спыніліся і нібы пачалі грэць іх сваім дыхам.

Убачыўшы гэта, Швэйк зазначыў:

— Ну, што-ж, гэта жывёла, якая ніколі не зразумее перавагі чалавека. Яна ня ведае, што гэта — эўропэйская культура і цывілізацыя.

Перапісаных людзей паразводзілі па бараках, і расійскі унтэр-офіцэр, які праводзіў іх, паказаў ім на прыбітыя да кожнага барака дошкі.

— Вось, хлопцы, кожны ў сваю групу!

Па гэтых дошках было відаць, што тут сабралася ўся аўстрыйская армія. Гэты факт ляконічна сьцвярджаўся надпісамі: «Чэхі», «Немцы», «Сэрбы» і г. д.

Гаршына першы ўвайшоў у барак і крыкнуў у цемру:

— Гэй, хлопцы, хопіць у вас месца на трох?

— Ды хоць на трыццаць, — адказала сотня галасоў. — Адкуль вас чорт прынёс? З фронту? Ці скора замірэньне?