Старонка:Svejk.5.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Палонных неадкладна падрыхтаваць да адпраўкі! Накормяць iх на наступным этапным пункце, куды я паведаміў ужо па тэлефоне. Загадайце згатаваць для іх ваду, і хай п’юць колькі хочуць. Паміж іх шмат гэтых нягоднiкаў і падлюг немцаў, гэтай поганi мадзьяр, а таксама ёсьць і чэхі — слаўная нацыя, якая змагаецца за нас.

Ад’ютант, кіўнуўшы галавой i пазвоньваючы сваiмi шпорамі, вышаў. Палкоўнік сеў на крэсла і выцер хустачкай потны лоб, замілавана паглядзеўшы на паштоўку і арыфмометр, а потым раптам ускочыў, адчыніў дзьверы і крыкнуў усьлед ад’ютанту:

— «Загадайце паліць гатавальнікі як мага, каб вада мела прынамсі 120 градусаў; ва ўсякім выпадку, тая, якую будуць пiць славакi, сербы, палякі і чэхi. Хай бачаць, што матушка Расія спачувае славянам і хай ведаюць расійскую гасьцiннасьць і добрае расiйскае сэрца.

Неўзабаве пачуліся крыкi канвойных, якія разбудзiлi палонных, i гучны голас ад’ютанта, што камандваў каля гатавальнікаў і прапаноўваў палоным пiць, колькі ўлезе, таму што, бач, хлеба ў Расіі досыць, а вада нiколi ня высахне.

Зноў пачалася бесканцовая праверка і цягнулася, бадай, да поўдня. Потым прыйшлі расійскія апалчэнцы ў чорных шапках, на якіх цьмяна паблісквалi латунныя крыжы, пастроіліся паміж палоннымi, разьдзяліўшы іх на два атрады, і крыкнулі — Ну, хлопцы, варушэцеся! Уперад!

— А я думаў, што нам дадуць тут есьцi, — сказаў Швэйку капрал. — Зiрнi-тка, як з гэтых гатавальнікаў шугае пара.

Адданы глыбокай развазе, Швэйк не адказаў. Воддаль зноў загрымелi гарматы. Швэйк кiнуў позірк на шэраг гатавальнiкаў, якiя дрыжэлі пад ціскам пары, што са злосным сiпеньнем вырывалася з вентылей, і толькі праз некалькі часу буркнуў праз зубы:

— Есьцi так і ня далi! Усё гэта яны самі зьмелюць!

Транспарт палонных пайшоў па палявой дарозе, нібы раскінуты статак. Канвойныя апалчэнцы, простыя і добрадушныя людзi, закінулі, калі горад зьнік у далечы, за плечы сваю зброю, на якой замест рамянёў боўталіся акраўкі вяроўкі, наламалі каля канавы доўгіх дубцоў і з пацехаю гналi палонных перад сабой, нібы чараду гусей.