Старонка:Svejk.5.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзіўнай гаворкай, складзенай з усіх слоў, значэньне якіх запомнілася ў якой-небудзь мове.

Але больш за ўсё чулася лаянка. У цяплушцы густа павісла ў паветры заўзятая лаянка — па-чэску, па-сэрбску, па-мадзьярску, па-нямецку, па-італійску, па-польску. Кожны адпачываў душою, «закручваючы» «выразы» адзін мацней за аднаго, лаяў Расію і яе парадкі, і ў гэтым пытаньні панавала сярод усіх надзвычайнае адзінадушша і солідарнасьць, чаго ў Аўстрыі ніколі ня было.

Цягнік імчаўся па рэйках, як Ноеў каўчэг у часе патопу па вірох вады. І тым, якія сядзелі ў гэтым каўчэзе, заўсёды здавалася, што вады меней і зноў набліжаюцца шчасьлівыя дні; бо на кожнай станцыі замест голуба з зялёнай галінкай ім насустрач ляцелі кабеты з кошыкамі вараных яек, са сьвінінай, са смажанымі курамі, качкамі, гусямі і зайцамі, і каштавала ўсё гэта, чым далей па поўнач, тым усё таней.

Таму, калі яны, выехаўшы з Пэнзы, ужо шостыя суткі былі ў дарозе і перавалілі праз Урал, Швэйк на адной станцыі вярнуўся ў сваю цяплушку з сваім чайнікам увесь сьветлы і, ускінуўшы свае блакітныя вочы на поўнач, радасна сказаў:

— Калі мы праедзем яшчэ адзін месяц, нам будуць плаціць, каб мы толькі елі. Вось, зірніце, што я купіў на пятнаццаць капеек!

І ён паказаў двох вялікіх смажаных зайцоў, загорнутых у газэту.

— Калі мы прыедзем на месца, Марэк, дык ты мне скажы, — зьвярнуўся ён да таварыша. — Я напішу Балуну, каб ён перасяліўся сюды. Тут ён можа амаль дарма жэрці.

Мароз стаяў траскучы. На ўсіх станцыях палонныя кралі вугаль і дровы, і жалезная печ, якая стаяла сярод цяплушкі, заўсёды палілася. Людзі на верхніх лавах ляжалі голыя, а зьнізу крычалі: — Падкінь яшчэ, мы мерзьнем! — А калі хто-небудзь «са столі» спрабаваў протэставаць, што ў цяплушцы душышся ад гарачыні, голас зьнізу заўсёды адказваў:

— Ну, дык зьлезь уніз, дурань, а мяне пусьці на сваё месца! Тады паслухаем, што ты скажаш.

Была зроблена сэнсацыйная вынаходка, што вошы, калі патрымаць кашулю над распаленай печкай, самі, без староньняе дапамогі, выпаўзалі з рубцоў і кідаліся ў агонь. З таго часу печ