Старонка:Svejk.5.pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гразі, бо атмосфэра, у якой на чалавека прыходзілася менш за палавіну кубічнага мэтра паветра, была насычана выпарэньнямі, якія ападалі на падлогу і разьмякчалі яе.

Барак быў разьмеркаваны на пяцьсот чалавек. У ім стаяла шэсьць цагляных печак, але пры сарака градусах марозаў на ўсе печы давалася толькі пяць саўкоў вугалю. На ніжніх лавах людзі замярзалі, на верхніх — душыліся ад смуроду. Нязьлічоныя натоўпы ўсякіх гатункаў казюлек, ад тараканоў да шчыкавак, стала заселі ў драні, якой былі абабіты драўляныя сьцены. І было дзіўна, як гэта клапы, што абляплялі на паліцах хлеб, вытрымлівалі, ня губляючы прытомнасьці, аміячны пах, які набываў праз паўгадзіны хлеб, што прыносілі замарожаным.

Ніхто ніколі дакладна ня ведаў, колькі чалавек зьмяшчалася ў тым ці іншым бараку; расійцы ніколі не турбаваліся падлічыць, колькі ў іх у лягеры людзей. І, можа дзякуючы гэтаму, было выратавана жыцьцё шмат каму, хто-б інакш памер з голаду; бо калі ў бараку было трыста чалавек, а продуктаў давалі на пяцьсот, дык, калі нават палавіну распрадавала вартавая каманда, усё-ж дзьвесьце пяцьдзесят чалавек атрымлівалі поўны паёк, апрача хлеба, быў усё-ж немалы.

Палонныя з цягам часу навучыліся выкарыстоўваць ўсе слабыя бакі сваіх нагледачоў. Вайна ўдарыла па ўсіх іх і прыціснула іх, як цяжкі камень былінку, ня пускаючы да яе паветра і сонечную цяплыню. І вось, глядзіш, праз якіх два тыдні аўстрыец вылязаў праз няпрыкметную шчыліну на сьвет, а на яго галаве тырчала, нібы кветка, пакомчаная шапка з мядзяным вэнзэлем «Ф. І. І.».


*

Пастанавілі, што эшалён палонных, у які трапіў Швэйк са сваімі таварышамі, будзе накіраваны ў Омск. У ім было мала палонных проста з фронту; большасьць працавала ўжо ў сялян ці капала акопы ў расійскім тыле, і вось цяпер яны ехалі абшарпаныя, голыя, прастуджаныя і хворыя ў Сібір ці адпачыць і адужаць, ці памерці.

Уся лапікавая монархія мела сваіх прадстаўнікоў у аднэй цяплушцы. Людзі розных нацыянальнасьцяй, якія паўгода назад не зразумелі-б адзін аднаго, гутарылі цяпер паміж сабой нейкай