Старонка:Svejk.5.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

10

У СІБІРСКІМ ЛЯГЕРЫ

Лягер для палонных у Сібіры быў падобны на сьметнікавую скрыню для людзей — для салдат, якія ў сусьветнай бойні былі здадзены ў архіў, бо яны былі і для таго, хто іх узяў у палон, непатрэбныя, лішнія і малакаштоўныя. Салдат мае пэўную каштоўнасьць у кашарах, на фронце, у тыле; аб ім клапаціліся і ў шпіталях, каб зрабіць з яго прадзіраўленага цела як мага хутчэй новы бояздольны чалавечы матэрыял. Але, трапіўшы ў палон, ён выключаўся з машыны гісторыі, дзе кожнае колца чаплялася зубчыкамі за другое, і надоўга адводзіўся ў бок, як пастаўлены на запасную пуць да тупіку вагон са зламаным тормазам ці трэснутым бандажом.

Праўда, існавалі розныя «Чырвоныя крыжы» — організацыі, на абавязку якіх было клапаціцца, каб палонныя жылі хоць крыху ў людзкіх умовах. Але гэтыя організацыі абмяжоўваліся ў сваёй дзейнасьці адной папяровай вытворчасьцю і тым, што рассылалі фотаздымкі.

У расійскіх лягерах для вайсковапалонных палонныя любаваліся на здымкі будынкаў, якіх яны ніколі і ня сьнілі, а пад гэтымі фантастычнымі будынкамі красавалася: «Інтэрнат для вайсковапалонных у Омску (ці Томску)». У лягерах атрымоўвалі здымкі вялікіх, прыгожых кухняў з вялізнымі казанамі, з мяснымі тушамі і кухарамі ў белых хвартуках ды каптурох, зьнятыя ў нямаведама якіх санаторыях ці багатых готэлях, а пад імі было напісана: «Кухня ў лягеры вайсковапалонных».

Тым часам палонныя капалі сабе «зямлянкі» — пабудова, якая ўдавала з сябе нешта сярэдняе паміж склепам і халупай, дзе людзі ляжалі ў тры ярусы на голых дошках і танулі па калена ў