Старонка:Svejk.5.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тады і другі качагар тузануў яго з другога боку. Швэйк ускочыў на ногі.

— Ах, ты біцца, татарская морда!

І ён штурхануў кіргіза ў грудзі. Той адказаў яму паўхалём, а другі кіргіз ударыў яго цяжкім кажухом па галаве. Гэта кропля перапоўніла чару швэйкавай цярплівасьці.

— Вось як вы ставіцеся да мяне, татарва. Цяпер я вам пакажу, як у нас у Празе працуюць!

Ён вырваў у кіргіза кажух і пачаў ім абараняцца. Цяпер у яго была досыць цяжкая зброя, і калі ён тузануў аднаго кіргіза ім па галаве, той захістаўся і ледзь ня страціў прытомнасьць, ажно другому прышлося падтрымаць яго. Швэйк заўважыў, што ён перамагае, і пусьціў кліч перамогі:

— Выходзь на аднаго! З усімі спраўлюся! Наша бярэ!

А кіргізы, нібы раптам зразумелі па-чэску, выскачылі на палубу. За імі сьледам бег Швэйк. Іншыя кіргізы, якія служылі тут-жа, сьпяшаліся на дапамогу сваім земляком, што выклікала рэакцыю з боку Марэка і Гаршыны. На палубе разьвінулася вялікая бойка. Яе спыніла поліцыя, якая прыбегла на тлум і крык. Па гэтых крыках яна даведалася, што ў бойцы бяруць удзел аўстрыйцы, затрымала іх і павяла з сабой, не зважаючы на капітанавы просьбы, каб палонныя аддалі яму боты, якія яны яму вінны. Капітан пабег за імі ў поліцыю і пачаў упрашаць прыстава, каб той загадаў палонным разуцца і аддаць яму боты. Але як выявілася, што затрымалі тых-самых аўстрыйцаў, пра якіх атрымалі ўвечары паведамленьне з вайсковае комэндатуры, у поліцыі была такая радасьць, што прыстаў, тарабанячы пальцам па стале, сказаў капітану:

— Ніяк нельга, бацюхна! Іх трэба завесьці да вайсковага комэнданта, а на вуліцы холадна і басанож ім ісьці не выпадае. Дый што-б падумала пра мяне яго правасхадзіцельства!!

А калі капітан ня спыніў сваіх просьбаў, прыстаў сваімі ўласнымі рукамі выштурхаў яго за дзьверы.

Раніцой, калі ад’ютант сказаў генэралу Папову, што поліцыя затрымала і прывяла ўцекачоў-палонных, ён зусім засмуціўся.

— Што з імі рабіць? Яны ўсё будуць уцякаць, поліцыя будзе за імі бегаць, а я буду іх неяк караць! Навошта? Ах, якая дурная рэч — жыцьцё!