Старонка:Svejk.5.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А генэрал зрабіўся такі сумны, скрывіўся і жаласна праказаў:

— А ў нас усё гэта забаронена! Віно можна здабыць толькі сакрэтна і то за вялікія грошы. Так, вайна — дрэнная рэч, на вайне ўсім цяжка!

І, абярнуўшыся да ад’ютанта, ён загадаў:

— Гэта — прыстойныя людзі, якія ні ў чым не вінаваты. Яны зацікавіліся толькі, што ядуць комэнданты. Пашлеце іх у лазьню. А потым няхай завядуць у гарадзкую ўправу! Працу яны сабе знойдуць, бо яны — інтэлігентныя людзі і здолеюць у нас пакарміцца! Ну, ідзеце, хлопцы! Дык выпраўце іх абавязкова спачатку ў лазьню!

Палонным зьвярнулі адабраныя ў іх рэчы, і казак звадзіў іх у лазьню. Там яны памыліся, іх абстрыглі, пагалілі, далі ім чыстую бялізну, і Швэйк, які атрымаў ад сястры міласэрднай новую кашулю, ня мінуў выпадку закідаць яе комплімэнтамі:

— Ах, сястрыца! Якая вы прыгожая… Вы дужа падобны да аднае мае знаёмае, Марылі Новотні, якая гуляла з нашым капралам.

У бюро па адшуканьні працы казак здаў палонных старому недабачліваму пісару, якому нават двох пар акуляр не хапала, каб як сьлед бачыць. Калі казак штурхнуў іх у дзьверы і перадаў гэтаму чалавеку на подпіс квітанцыю, у якой той мусіў засьведчыць прыймо здадзеных яму трох палонных, ён пачаў бурчэць:

— Зноў мне прысылаюць нейкіх валацуг! Згарыце вы, з гэтай бандай! Адно і ведаюць, што прыводзяць да мяне нейкіх гіцляў!

— Мы не валацугі, — рэзка зазначыў Гаршына, — а палонныя аўстрыйцы. Мы самі славяне, чэхі і таму няма чаго нас зьневажаць! Мы самохаць перайшлі ў Расію.

Пісар пляснуў рукамі.

— Дайце вас абняць, галубочкі вы мае! І шмат вас такіх у вашай Аўстрыі? Браццы вы мае родныя! «Вше божи мир»!

— Ён кажа, што ўсюды ўжо божы мір, — штурхануў Швэйк Марэка пад бок. — Значыцца, нам няма чаго больш з ім размаўляць. Я еду дамоў!

І, не чакаючы нічые згоды, ён кінуўся да дзьвярэй.