Старонка:Svejk.5.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чытаў ім лекцыю і паміж іншым сказаў: «Надзея сьвеціць толькі з боку старанных рук». І яшчэ, што на зямлі-б рай, каб усе здаровыя людзі, як сьлед працавалі і каб заўсёды ўва ўсім улічваліся вынікі. Франц Пэх, каб добра засвоіць сабе гэтыя асновы, загадаў падаць сабе пасьля лекцыі некалькі шклянак віна і пачаў разважаць аб выніках. «Што-ж, — думаў ён, — я працую мала, але профэсар, гэты агідны тыпус, працуе яшчэ менш, а ўсе людзі павінны працаваць! «Потым, калі ён дайшоў да моста Палацкага, бачыць: стаяць там два здаравякі і выстаўляюць рукі, просяць. Ён пачаў іх угаварваць: «Як вам ня сорам? Двое здаровых дзядзіноў, а жабрачаць. Працаваць трэба, каб палепшыўся народны добрабыт». Ну, яны палезьлі да яго з кулакамі і крычаць, каб ён змоўк, бо інакш яны паклічуць поліцыянта. А з другога боку ў іхную гутарку ўвайшлі нейкія акцызныя чыноўнікі, наш Франц Пэх і на іх раззлаваўся. «Лепш, — кажа ён, — вам было-б кінуць службу і працаваць. Бо трэба прадугледзіць усе вынікі!» Тады паклікалі поліцыянта, а ён і яму кажа: «Ну, пакажы, што ты сёньня зрабіў? Што ты сёньня зрабіў, каб зьберагчы народнае багацьце?» — «Пакуль што нічога, — адказаў поліцыянт, — але імем закону я вас арыштую». Павялі яго ў поліцэйскую ўправу, а там Пэх пачаў сьцьвярджаць, што ён толькі стараўся вярнуць усіх гэтых людзей на праўдзівы шлях і што няўжо нельга і гэтага зрабіць ў Аўстрыі. Нарэшце, яго цягалі-цягалі па судах і прысудзілі да трохтыднёвага зьняволеньня за абразу службовай асобы. Таму што ўсе вялікія справы начынаюцца з дробязі, і нас таксама ня было-б тут, каб эўропэйскія дзяржавы не памяняліся нотамі. Якая-небудзь не захацела прыняць такую ноту ад другой, а мы вось за гэта цяпер і пакутуем.

Нарэшце растоўская поліцыя праз два тыдні выявіла, што ўся гэта гісторыя ёсьць непаразуменьне і што «дакумант» сапраўды звычайная карта страў. Тады, поліцыя з адпаведным рапартам запытала вайсковую комэндатуры, якія вынікі даў допыт трох палонных, якія перададзены пад яе загад у сувязі з гэтай справай. Дзякуючы гэтаму генэрал успомніў пра трох арыштаваных, якіх ён яшчэ ня бачыў, і ён загадаў зараз-жа прывесьці іх да яго.

— Арыштаваныя тут, ваша правасхадзіцельства, — неўзабаве пасьля гэтага сказаў ад’ютант.