Старонка:Svejk.5.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

68-ы полк ня мог трапіць у Сэрбію, бо гэтага палка сэрбы баяліся больш за ўсё.

Гаршына, які хадзіў па камеры ўзад і ўперад, спыніўся перад Швэйкамя:

— Ну скажы, Швэйк, што ў цябе ў тваёй галаве? Хіба ты бачыў калі-небудзь чалавека, які-б насіў дзьвесьце кілё на сьпіне.

— А ў Пардубіцы, — казаў далей Швэйк, нібы гэта не яго тычылася, — затрымалі аднаго польскага яўрэя, які прыехаў сюды чыгункай. Дык у яго быў пусты ўсяродку кій, а ў ім пяцьдзесят кілё цыяністага калію. Ён хацеў атруціць ім ваду ў Лабе. Гэта зладзейства не адбылося дзякуючы дамыснасьці аднаго порт’е, які падняў кій, калі ён вываліўся з гаспадаровых рук, і зьвярнуў увагу жандара на тое, што кій надзвычайна цяжкі. Гэтага яўрэя павесілі потым у Карлове-Градцы!

Марэк заткнуў сабе вушы. Швэйк на момант сьціх, а потым, ўздыхнуўшы, казаў далей:

— У Празе, перад вакзалам Франца-Іосіфа, затрымалі ноччу на лаве ў парку нейкага чалавека, які ўдаваў з сябе рускага. Дык у гэтага чалавека было ў кішэні больш за мільён проклямацый Мікалая Мікалаевіча, і яго таксама павесілі, бо ён ня быў вайсковы чын. Вайсковы чын павінен у кожным разе атрымаць толькі набой волава!

Швэйк абвясьціў гэта асноўнае правіла вайсковай справы, і твар яго зазьзяў.

— Вы сабе толькі ўявеце, панове! Вось нас прысудзілі да кары сьмерцю праз расстрэл… Палавіна роты салдат заводзяць нас на могільнік… Там даюць нам у рукі рыдлёўкі: «Капайце сабе магілы. Вы — шпэгі, і мы зусім не павінны працаваць на вас». Ну, бярэмся капаць, я вось так, пасярод, а вы па бакох… Нам завязваюць вочы, становяць да сьцяны каля могілак, офіцэр камандуе: «Цэлься! Плі!» і ў нас выпускаюць тры залпы…

— Швэйк, — ня вытрымаў Гаршына, — глядзі, не навяшчуй. У такой кашы, як зараз, я яшчэ ніколі ня быў. Каб толькі ведаць, што можа выйсьці з такога глупства…

— Тое, што ты кажаш, — азваўся Швэйк, — нагадвае мне аднаго Франца Пеха з Разіцэ. Гэта быў дужа добры чалавек і таксама хацеў папрацаваць на карысьць і славу свайго народу, і паступіў у таварыства «ашчаднікаў». А нейкі профэсар пра-