Старонка:Svejk.5.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

абвесткамі аб жаданьні пашлюбавацца!.. Бо адзінае чытаньне, якое выклікае вясёлы і прыемны настрой, гэта наш «Кулінарны агляд!»

Ваенны комэндант гораду, казацкі генэрал Аўген Зьмітравіч Папоў, быў добры, асьвечаны чалавек. Гэта быў чыстакроўны расіец, і на ўсё на сьвеце ў яго быў адзін адказ: «Пасьпее!».

Таму, калі яго ад’ютант раніцой сказаў яму, што паводле рапарту дзяжурнага пісара, жандары затрымалі ўчора ўвечары на вакзале некалькі нямецкіх шпэгаў, якія былі пераапрануты ў аўстрыйскіх палонных і выдавалі сябе за іх, і аддалі іх пад загад комэнданта, ён яго спакойна выслухаў, а потым запытаў у пісара:

— Што, газэты ўжо прышлі? А арыштаваных на паёк залічылі?

— Так точна, ваша правасхадзіцельства!

Генэрал абярнуўся да ад’ютанта:

— Вы не глядзелі ўчора ў фарсе «Добра пашыты фрак»? Надзвычайная рэч! Я ледзь не памёр ад сьмеху!

І ён пачаў чытаць «Новое время» і «Русское слово», дзе з захапленьнем пісалася пра перамогі на каўкаскім фроньце, а пра становішча на заходным фронце коратка казалася: «Бяз зьмен».

А ў той час, як затрыманыя офіцыянты кляліся і бажыліся ў поліцыянцкай управе, што яны не займаліся шпіянажам, а сканфіскаваная карта страў разглядалася экспэртамі па замежных мовах, каб выявіць ці не зьяўляецца яна маніфэстам да расійскага народу, — Швэйк сядзеў на ложку, слухаў скаргі сваіх да краю зьбянтэжаных таварышоў і стараўся іх заспакоіць.

— У вайсковым статуце, — казаў ён, — напісана, што вайсковы чын ня лічыцца за звычайнага шпэга, а таму, калі яго зловяць, яго павінны расстраляць. Значыцца, павесіць нас ні ў якім выпадку ня могуць; мы маем права памерці геройскай сьмерцю, як гэта і трэба ўдалым ваякам. Гэта, браццы, ня тое, што з нейкім там Кржышкай, якога павесілі ў Вэне і ў якога ў Бэўроне быў публічны дом. Заўважылі, што ноччу туды хадзіў нейкі гарбаты сэрб; калі іх абудвых затрымалі, а сэрба распранулі, дык выявілася, што ў яго ў горбе схавана дзьвесьці кілё піроксіліну. Ён прызнаўся, што хацеў узарваць мост праз Бэроунку, каб