Старонка:Svejk.5.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трапілі ў Расію, вам так добра ня жылося, як сёньня. Пачакайце толькі хвілінку, пакуль адыйдзе цягнік.

Ці толькі празьвінеў трэці званок, ён павёў сваіх таварышоў да люстраных вакон першае клясы.

Там сядзела важная публіка, схіліўшыся над сьняжыстымі абрусамі — прыгожыя, убраныя дамы, гандляры ў хутрах, офіцэры ў залатых і срэбных пагонах. Але сярод іх бегалі туды і сюды офіцыянты, якія выходзілі з-за порт’еры ў куту і разносілі стравы, пітво і начыньне.

— Яны сядзяць, пэўна, у тым куце, — прамармытаў Гаршына сам сабе, а ў голас сказаў: — Давай, хлопцы, пойдзем ў чалядню, бо ў салон я не магу вас папрасіць. Вы ня зусім шыкоўна апрануты.

Ён цьвёрдымі крокамі падаўся да цёмных дзьвярэй і адчыніў іх; яны ўвайшлі ў даўгі, відны калідор. Там ён знайшоў тое, чаго шукаў — у калідор з аднаго боку выходзілі адчыненыя вокны кухні, а з другога боку сядзелі офіцыянты, чакаючы свае чаргі ці адпачываючы.

— Пачакайце тут, — сказаў Гаршына сваім таварышом, пакідаючы іх каля дзьвярэй. Усе офіцыянты абярнуліся да яго; ён аддаў па-вайсковаму чэсьць і адрэкамэндаваўся:

— Я таксама офіцыянт. Ваш аўстрыйскі колега.

Тыя абкружылі яго, пытаючы без асаблівага захапленьня, што яму тут трэба. А ён сказаў, што яго цягне да іх голас сэрца, што ў яго душа баліць, калі ён бачыць, як яны бегаюць узад і ўперад і падаюць гасьцём.

— Паўжыцьця-б я аддаў, — сказаў ён, выціраючы рукавом вочы, — каб мне давялося яшчэ раз узяцца за гэтую справу. Мяне талеркі прыцягваюць, як магнэс — жалеза, мае дарагія расійскія браты-офіцыянты.

Ён узяў талерку, паставіў яе на кончык пальца левай рукі і пачаў круціць яе правай, як турок. Расійскія колегі глядзелі на яго зьдзіўлена.

Потым ён схапіў, ня сунімаючы гутаркі, талеркі са стравамі, якія кухар ставіў на вакенца, і шчыльна заставіў імі ўсю руку ад далоні да пляча, а на іх яшчэ рад, пакуль у яго на руцэ не