Старонка:Svejk.5.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якія табе спадабаюцца. У лягерах поэзія расьцьвітае. Людзі пішуць вершы проста з голаду.

І ён зацягнуў нешта іншае.


*

Чацьвёра сутак перабылі яны ў цягніку, і чатыры разы ўдавалася ім пераканаць жандараў, якія правяралі дакуманты, што яны едуць па сакрэтнай справе на Каўказ, каб прыняць удзел там у формаваньні добраахвотнай арміі для змаганьня з туркамі.

Жандары ламалі сабе галовы над «дакумантам» Гаршыны, але арол праганяў усе сумленьні. Як-жа — на паперы красаваўся дзяржаўны герб, і дазорцам дзяржаўнага парадку прыходзілася з ім лічыцца, асабліва, калі Швэйк ім сур’ёзна тлумачыў:

— Так, туркам цяпер будзе канец! Трэба біцца за сваю веру з гэтымі паганцамі!

Вандраваньне было досыць прыемнае. На кожнай станцыі Швэйк прыносіў у чайніку чаю, купляў булкі, сараквашу і смажаных курэй і запэўняў, што ўсё надзвычайна таннае. Усе тры качаліся на лавах, елі і спалі, і за кароткі час нават патаўсьцелі.

Пад канец чацьвертых сутак яны прыехалі ўвечары на нейкі асьветлены электрычнасьцю вялікі вакзал. Гаршына выскачыў паглядзець, дзе яны, і хутка вярнуліся са словамі:

— Браццы, мы тут на нейкі час застанемся на гастролі, перш чым ехаць далей. На ежу мы неяк заробім, а спаць будзем на вакзале.

Яны пайшлі ў залю 3-е клясы. Жандары ўважна пазіралі на іх, але пусьцілі, не затрымаўшы. У зале, поўнай салдатаў, якія сядзелі, ляжалі покатам і спалі, яны згубіліся як пылінкі ў моры.

Ніхто не зьвяртаў на іх увагі. Нейкі селянін зацікавіўся, куды іх вязуць. Міма прайшоў жандар і нават не запытаў, дзе іхны канвой. Праз дзесяць хвілін яны пачалі адчуваць сябе на вакзале, як дома.

— Браццы-таварышы, — многазначна сказаў Гаршына, вярнуўшыся ад кас у залю, — тут жандараў, як сабак нярэзаных, але яны ўжо свойскія. Потым, тут ёсьць буфэт. Да гэтага часу вы мяне кармілі, а цяпер я буду вас карміць. Я пачастую вас абедам у буфэце 1-й і 2-й клясы, хлопцы. З таго часу, як вы