Старонка:Svejk.5.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я-б узяў, мабыць, кавалачак гусяціны, — азваўся Швэйк; Марэк выказаўся за кураня. А Гаршына, хаваючы паперу ў запазуху, сур’ёзна сказаў:

— Ці дасьцё веры, хлопцы, што гэта папера ратавала мне летась жыцьцё? Ці дасьцё веры вы, што яна ратавала мяне ад галоднай сьмерці? Нас прывезьлі ў Сібір і ўжо цэлы тыдзень не кармілі. Людзі з голаду елі кару з дрэў, як зайцы. Ну, а я цэлы дзень чытаў гэта мэню, з самай раніцы да позьняга вечара. Спачатку мяне ад гэтага нудзіла і ў мяне рабіліся спазмы ў страўніку. А потым, калі я, бывала, прачытаю яго з пачатку да канца, дык у мяне заставалася такое ўражаньне, нібы ўсё гэта я сам зьеў. І было мне і млосна, і прыемна…

— Значыцца, у роце як у палацы, а ў жываце як у сарціры, — растлумачыў ягоную думку Швэйк.

— Бадай што так, — згадзіўся Гаршына. — У мяне была яшчэ і карта вінаў, але тую я згубіў. Каб яна была ў мяне, я-б наладзіў вам банкет. А так выпадае ліць у сябе адно гэтую агідную гатаваную ваду.

Ён зноў наліў сабе ў конаўку чаю з свайго вялікага іржавага чайніка, і хутка ў пустым вагоне загучэла прарэзьлівая песьня на мотыў арыі аркадзкага прынца з опэрэткі «Орфэй у пекле».

Як быў я „обэрам“[1] калісьці,
Дык меў і радасьць і спакой,
і грошы й мяккую пярыну,
і прыгажуньняў цэлы рой…

Хапала пільзенскага піва
Шампанскае мне ў рот плыло…
Але зрабіўся я палонным,
І кішкі з голаду зьвяло.

— Марэк, зацікаўлены, глядзеў на сьпевака, Швэйк — захоплены і ўзьнесены. Заўважыўшы свой посьпех, бо Марэк нарэшце выцягнуў паперу і аловак, каб запісаць тэкст песьні, Гаршына сказаў:

— Гэта сапраўды песьня палонных славян. Але чакай. Калі патрапім у лягеры, ты пачуеш яшчэ лепшыя; там ты і запішаш,

  1. Обэркэльнар мэтрд‘ отэль, галоўны офіцыянт.