Старонка:Svejk.5.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На ўсiх шляхох і дарогах, куды ня кінь вокам, відаць было адступаўшае войска i абозы. Расiйцы зноў шпарка і бязладна адыходзiлi назад.

Праз гадзіну транспорт палонных нагнала цяжкая артылерыя, якая ўрэзалася ў самую гушчу. Казакі нагайкамі зганялі аўстрыякаў з дарогі. А потым выявілася, што дарога для гарматаў i фургонаў наогул надта вузкая, i палонным давялося iсьцi ўвесь час па полі, па лузе i па балоце.

Так ішлі яны без адпачынку да самае раніцы. Дасьвецьцем палонных прывялі на нейкае шырокае, роўнае, адкрытае месца і зрабілі на гадзіну адпачынак.

Неўзабаве пачулася бязупынная гарматная страляніна, і зноў загадны голас: — Пайшоў, пайшоў! — Разьбітыя, змораныя, недаспаныя і галодныя людзі, пайшлі далей. Да полудня прайшлі Краманец, да ночы дабраліся да Шумску. Там іх прыняла новая этапная каманда. Зьявiлiся фэльдфэбэлі з ліхтарамі і пачалі крычаць:

— Па чатыры ў рад стройся!

Потым яны пачалі хадзіць узад і ўперад, лічылі, блыталіся, зноў пачыналі, спрачаліся, вярталіся, зноў блыталiся, пачыналі спачатку і зноў спрачаліся. Нарэшце, яны разьвялi палонных па бараках. Але як толькі змораныя людзі ўправіліся пакласьцiся, зьявiлiся салдаты і загучэла команда:

— Уставай! На паверку!

Усе вышлі з баракаў. Ззаду і сьпераду палонных паставілі па чатыры чалавекі ў рад і нейкі афіцэр пачаў хадзіць туды і сюды, торкаючы першага ў радзе пальцам і лічачы: раз, два, тры, чатыры… А дайшоўшы да лічбы, якую ён назваў словам «сорак», зблытаўся, вярнуўся назад і пачаў усё нанава. На лічбе «сорак», ён зноў штосьці пераблытаў і стаў крычаць:

— Так іх, паскуднікаў, да самай сьмерцi ня зьлiчыш. Трэ’ было iм усiм морды набіць.

Швэйк, зьдзіўлены гэткай слабасьцю ў матэматыцы, ня мог, калi афіцэр праходзіў каля яго, стрымацца ад заўвагі:

— Эх, хлопча, ня умееш, як відаць, лічыць. Езус-Марыя, калі я ў цябе згублюся, дасьць табе пэнту твой бацюшка-цар.

Так iх лiчылі да самай раніцы, то заганялі ў баракі, то зноў выганялi на двор і ніяк не маглi справіцца з падлікам. Нарэшце афіцер паслаў iх да чортавай матары, сказаў ім замест «добрай