Старонка:Svejk.5.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

завецца тут ў іх «сабачыножка». Чорт іх ведае, што гэта азначае. А ці ведаеш, дружа ты мой, чаго больш за ўсё мне шкада? Што я не магу падпісацца тут на «Народну Політыку». Некалькі пачак такой табакі і аднаго нядзельнага нумару гэтай газэты хапіла-б нам двум на цэлы год. Бо гэтую Расію, таварышы, нам давядзецца яшчэ пазнаць, як сьлед. Але памаленьку ды паціхеньку. Добра! Так, так!.. тваю маць!

Праз дзесяць хвілін іх абступіў натоўп навабранцаў, што вярталіся з заняткаў у вёску. Яны разглядалі Швэйкаву люльку, якая тырчэла ў яго з бакавой кішэні, глядзелі, як ён курыць сабачую ножку і засыпалі яго пытаньнямі:

— Добра, га? Здароў, браце? А вайна хутка скончыцца? Афіцэры ў вас таксама ёсьць?..

І Швэйк, зьзяючы ад здавальненьня, што зьяўляецца асяродкам увагі, паўтараў:

— Добра, так, так, та-а-а-ак, — расьцягваючы пад канец гэта «так, так», як курыца на куросадні.

У полудзень раздавальнік прынёс ім два бачкі, разьлічыў палонных на групы па дзесяць чалавек і моўчкі паказаў ім на бачок. Яны сталі на калены вакол бачка і пачалі сёрбаць капусту. Потым той-жа раздавальнік вярнуўся з усторкнутымі на лучыну кавалкамi мяса і зноў знакамі растлумачыў, што мяса таксама, як i дзьве булькi хлеба, пакладзеныя каля кожнага бачка, належаць iм. Нарэшце, ён прынёс у шапцы цукар, даў кожнаму па два кавалкі на рукі і яго праставатае добрадушнае аблічча прасьвятлела.

— Добра, га? — сказаў ён. — Ня будзеце больш ваяваць? У Расіі, у лягеры вам будзе нядрэнна.

Але пад вечар да пуні, махаючы бiзунамі, пад’ехалі казакі і з крыкамі: «Уставай, пайшоў уперад», пагналі палонных на двор, а са двара на рыначны пляц.

На рыначным пляцы пашыхавалася войска, неаглядныя шэрагі гарматаў і фурманак з хлебам, а збоку зыбаўся нязьлічоны, шэра-блакітны натоўп палонных.

Да іх далучылі казакі і купку, у якой знаходзіўся і Швэйк, а потым шчытным колам абступiлi палонных. Па камандзе: «Уперад — марш!» яны ўскочылі на коняй і ўся маса рушылася ўздоўж дарогі: палонных падганялі час-ад-часу казакі сваімі нагаямі.