Старонка:Svejk.5.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж у цябе можа ёсьць білеты? — расьцягваючы словы, запытаў Марэк. — Ці табе далі ў рукі літэр?

— Так, у мяне ёсьць літэр, — адказаў Гаршына. — Вы толькі, ня турбуйцеся, усё будзе добра.

Вагон мякка ўздрыгваў, пагрукваючы на стыках. Палонныя паснулі; ападалі змрокі і падыходзіла ноч. Раптам пачуліся нечыя галасы:

— Вашы білеты? Пашпарт? А ну, пакажэце!

У вочы бліснула сьвятло ліхтару. Над аўстрыйцамі схіліліся кандуктар і жандар, а за імі стаяў контралёр. Убачыўшы, хто гэтыя пасажыры, усе тры ў адзін голас крыкнулі:

— Ага, аўстрыйцы? Ну, а дзе ваш канвой?

Марэк, праціраючы са сну вочы, зірнуў на Гаршыну. Жандар смаргануў за нагу Швэйка, і той, узмасьціўшыся на верхняй лаве, як курыца на кураседні, са зьдзіўленьнем глядзеў на тых, хто парушыў яго спакой і, сонна пазяхаючы на ўвесь рот, мармытаў:

— А вось і яны! У добрую трапілі мы гісторыю!

— Я пытаю, дзе ваш канвой? — пераказаў ужо больш строга жандар; кандуктар, пад позіркам контралёра, стаў таксама прычэплівы.

— Я-ж кажу, браццы, што мы папаліся, — задаволена гаварыў Швэйк, зьбіраючы свае рэчы. — Цяпер яны нам маршрут дадуць і пакажуць ужо, гэтыя тры славянскія браточкі.

Жандар і контралёр, пачуўшы словы «славянскія браточкі», мімаволі азірнуліся, і Гаршына, злавіўшы іхны позірк, сказаў жандару па-расійску:

— Тут я свае дакумэнты ніяк ие магу паказаць. Гэта сакрэт, політычная тайна. Выйдзем на калідор. Хадзем, таварышы!.. Мой дакумант атрыманы непасрэдна ад цара, і на ім подпісы ўсіх міністраў, — сказаў ён жандару, падаючы яму вялікую, старанна складзеную паперу.

Жандар асьцярожна разгарнуў яе; асьвятліўшы яе сваім ліхтарыкам, ён струніўся, нібы стаяў перад самым царом, а потым, ўзяўшы пад казырок, пачаў чытаць.

Гаршына стаяў, спакойна ўсьміхаючыся, да пары з статуём, у якога абярнуўся жандар. Швэйк гутарыў з кандуктарам, стараючыся даведацца, куды іх накіруюць, а Марэк, занепакоены