Старонка:Svejk.5.pdf/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ён такі-самы, як нейкі Коршынэк з Нучыцэ, — зазначыў Швэйк, адступаючы перад казаком, які гатоў быў давесьці і яму ўсю глыбіню свайго абурэньня і свой сур’ёзны намер біцца да канца. — Гэты Коршынэк служыў за фурмана ў аднаго селяніна і заўжды гутарыў з коньмі. Напрыклад, едзе ён на гнедым у Прагу і расказвае яму ўсё, што здарылася і што казаў яму гаспадар: «Учора я ў шэсьцьдзесят шэсьць прайграў дваццаць хэльлераў, а Пазьдзернік, гэты круцель, іх выйграў», і сьцёб! каня пугай па сьпіне. «А гаспадар, ліха на яго!» — сьцёб! зноў каня па сьпіне, — «сёньня раніцой мне кажа, што я ўчора быў п’яны, як сьвіньня, — зноў пугай, — «і гаспадыня, гадаўка, ударыла мяне па твары,» — сьцёб! сьцёб! па кані, — дык па-мойму» (сьцёб!) «усіх гаспадароў трэба пасадзіць у адзін мех ды ў ваду!» — (сьцёб! сьцёб! сьцёб!). А аднаго разу пасьля фэсту ён расказаў гнядому, як яго вытурылі ў Душніку з піўніцы і як поліцыя, паводле заявы аднаго профэсара, прыцягнула яго да адказнасьці за катаваньне жывёлы, а ён ў аддзяленьні казаў: «Ды даруйце, навошта-ж мне каня катаваць? Я яго нават дужа люблю, я яму ўсё расказваю, што ў мяне ў думках». Але толькі гэта яму не дапамагло, бо каня нельга было паставіць ў сьведкі.

На вакзале прагучэў сыгнал, пасьля якога да пэрону пад’ехаў цягнік. Вартаўнік, нібы робячы нешта вялікае, ударыў у звон, і Гаршына штурхнуў Швэйка.

— Кінь ты лухту верзьці! Хутчэй, за казаком у трэцюю клясу!

Званок зазваніў у другі і трэці раз і Гаршына, высунуўшыся з вакна, калі цягнік крануўся, крыкнуў жандару:

— Бывай, стары! Перадай прывітаньне пісару і земскай управе.

З другога вакна выставіў галаву Марэк і, зірнуўшы на сонца і рэйкі, якія беглі ў даль простай рысачкай, крыкнуў у вагон:

— Мы едзем проста на поўдзень!

Вагон быў напалавіну пусты. Яны занялі кожны па лаве; Швэйк падклаў сабе пад галаву ранец і нібы паміж іншым запытаў:

— Што-ж мы скажам? Што даганяем свой эшалён? Што цягнік з нашымі ідзе паперадзе?

— Не, — коратка сказаў Гаршына.