Старонка:Svejk.5.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нічога іншага, апрача грубых, самых крыўдных лаянак, па мацеры і наогул.

— Так, але цар хацеў гэта забараніць, — сур’ёзна зазначыў Швэйк, — і ўжо быў прапанаваў радзе міністраў падрыхтаваць адпаведны загад. Яны склікалі нараду, падрыхтавалі загад і аддалі яго цару на подпіс. А ён чытае: «Мы, боскай літасьцю, Мікалай другі, самаўладца ўсерасійскі, вялікі князь фінляндзкі, і іншае, і іншае, загадваем усім нашым вернападаным, каб кожнага, хто ад гэтага часу будзе зьневажаць маці другога, каралі пяцьцюдзесяцьцю ўдарамі бізуном і ссылалі ў Сібір на працу ў валавяныя капальні. Дадзена ў Санкт-Пецярбурзе, і г. д.». Цару гэта дужа спадабалася. Хацеў ён ужо загад падпісаць, шукае пяра — няма пяра. «Прынясі мне пяро, хутка!» — кажа ён галоўнаму камэр-лёкаю. А той кідаецца да малодшага камэр-лёкая: «Дзе-ж пяро… тваю маць! Нясі хутчэй!» Цар гэтыя словы пачуў і думае: «Час загад падпісваць, час. І дзе гэта мае паданыя так нядобра лаяцца навучыліся?» Памакнуў пяро ў атрамант, падпісвае: «Мікалай» і раптам робіць кляксу, ды са злосьці як вырвецца ў яго: «Ах ты… тваю маць!..» Ну, тут ён загад зараз-жа падраў, а другога пісаць не казаў, а свайго галоўнага камэрдынэра выслаў у Архангельскую губэрню, якая пад самай Камчаткай.

— Ты з такімі апавяданьнямі тут спасьцерагайся, даражэнькі, — параіў былы мэтр д’отэль, — і не скажы чаго такога на людзях, стары капялюш. Гэта можа табе тут дорага абыйсьціся. І ня крыўдуй, што я назваў цябе «старым капялюшом», а прымі гэта за бацькаўскае навучаньне.

Швэйк падзякаваў яго мяккім позіркам сваіх блакітных вачэй і пасьпяшаўся сказаць яму што-небудзь прыемнае:

— Ты, браце, як я бачу, дужа разумны чалавек. Ты мне дужа падабаешся.

У гэты момант адчыніліся дзьверы і ў камеру ўвайшоў пісар, разам з вялізным доўгавалосым селянінам у старым кажуху. Пісар паказаў рукой на палонных:

— Ну, вось табе тры штукі. Усе добрыя працаўнікі. Выбірай.

Селянін вымераў іх з ног да галавы гаспадарскім поглядам.

— Ды мне патрэбны толькі адзін, але калі яны дарма, дык вазьму і двох.