Старонка:Svejk.5.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

джае яму жаніцца. Маці пачухала за вухам і пытае:«А яна цябе кахае, Богуміл? І ты яе кахаеш?» Той толькі ўздыхнуў: «Больш чым цябе, маці! Жыць мы адзін без аднаго ня можам!» Тады маці яшчэ раз пачухала за вухам і сказала: «У такім разе, не зьвяртай увагі на тое, што кажа бацька. Наш стары — таксама ня твой бацька!..».

Прышоў Трахім Іванавіч зірнуць на працу. Ён паглядзеў вакол, падлічыў нешта на пальцах і сказаў:

— Праз тыдзень у вас ворыва будзе скончана. Тады я пакіну сабе толькі Цьвяршыну, а вас назад адвязу ва ўправу.

Палонныя скончылі ворыва, і Трахім Іванавіч выплаціў ім заработак. У бліжэйшую нядзелю яны пачалі рыхтавацца да ад’езду.

Швэйк і Марэк паклалі свае рэчы на калёсы. Гаспадыня і Наталка крычалі ім усьлед: «Шчасьлівай дарогі!» Марэк буркнуў: — «Ну вас к чорту!», але Швэйк, махаючы шапкай, расчулена сказаў:

— Усяго добрага!.. Не памінайце ліхам! Пішэце і не забывайцеся пра вашага Швэйка!