Старонка:Svejk.5.pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ляксавыя чаравікі, і ногі ў іх прэлі так, што проста ня было як трываць. Госьці на вясельлі сядзяць, п’юць, вярзуць усякую лухту, і ніхто не заўважвае, што няшчасны малады ўвесь скрывіўся ад болю, што ён з радасьцю зьдзеў-бы чаравікі, і абуў-бы старыя боты. Нарэшце, госьці разыйшліся, і маладая выйшла ў свой пакой, бо засталася жыць у старых. Ну, ён, Міхуле, пабег за ёю, распрануўся і цэліў ужо нырнуць да яе пад коўдру, ды забыўся зьдзець потныя шкарпэткі, а яна, як ён абняў яе, раптам кажа: «Што гэта, даражэнькі, тут так дзіўна пахне?» Яна, ведаеце, была з адукаваных і прымаўляла па кніжнаму. І ў гэту хвіліну ён не знайшоў, што ёй адказаць, бо да гэтага часу ён ёй ня прызнаваўся, што ў яго пацеюць ногі. Дык ён цмокнуў яе ў вусны і прашаптаў: «Гэта мая цнатлівасьць, дзетка!» А яна тады глыбока ўздыхнула, нібы ў яе камень з душы зваліўся, і кажа: «Балазе, што я ня цнотка; а то-б мы тут абудвы задушыліся-б ад смуроду!..».

— Добрыя рэчы ты нам расказваеш, Швэйк, але даць веры ім ты нас усё-ж ня прымусіш, — засьмяяўся Марэк. А Швэйк, падаграючы бульбу і гуркі, пяшчотна зірнуў на яго і сказаў:

— Ты можа яшчэ скажаш, што я хлушу? А тым часам гэта ўсё — чыстая праўда. Гэта ўсёроўна, як было з аднэй Мрклазай у Пржышыме. У гэтай жанчыны быў сын, якога звалі Богумілам, і стары хацеў перадаць яму хутар, а сам перайсьці на пэнсію. Ну вось, кліча ён сына неяк у нядзелю да сябе і кажа: «Богуміл, пастарайся знайсьці сабе жонку!». Хутка Богуміл прыходзіць зноў да бацькі. «Тата, — кажа ён, — я-б хацеў ажаніцца з Агнэсаю Чэйкаў з Доубравіцы». — «Нельга, — кажа стары, — і лепш ужо і ня пытай, чаму. Я ведаю, што яна падыходзіць, але жаніцца ёй ты ня можаш». А таму, што Богуміл не адставаў ад яго, стары нарэшце сказаў: «Разумееш, я калісь заляцаўся да яе маткі… Ну… адным словам, яна твая сястра!». Богуміл зноў пачаў хадзіць па кірмашох ды гулянках, а потым зноў прышоў да бацькі і кажа: «Так і так, у мяне ёсьць жонка. Я вазьму Марту Голуб з Шыбршына». Стары зноў ківае галавой: «Нічога ня выйдзе, — кажа ён, — як-жа, я яе матку знаў пяць год, і яна таксама твая сястра!». Але Богуміл занадта ўжо закахаўся ў Марту і дужа мардаваўся; ён так занудзіўся, што маці заўважыла і пачала распытваць, як, што і чаму. Богуміл спачатку не хацеў ёй прызнавацца, а потым усё ёй і расказаў, што перашка-