Старонка:Svejk.5.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сьвята. І не разьбівалі-б сабе голавы за тое, што стараста ў іх дурань ці не, а наладзілі-б матч паміж «Спартай» і «Славіяй». Бо калі ў нас на стадыёне гуляюць у футбол, дык малюнак амаль такі самы. Розьніца толькі тая, што тут б’юць у тых самых ботах, у якіх ходзяць, а там абуваюць для гэтага бутцы. Асьвета, — гэта ўсё, і без асьветы ні кроку ступіць нельга, як казаў адзін Бочэк, якога застрэліў пад час арышту агент поліцыі. Бочэк меў на ўвазе свайго прыяцеля Вашынскага, у якога яму спачатку прышлося вучыцца, як рабіць адмычкі: ён казаў, што праз сумленнасьць хутчэй за ўсё можна дасягнуць посьпеху, і таму вось ён і сумленна працуе сам над кожнай адмычкай.

— У нас таксама так б’юцца, — уставіў сваё слова Цьвяршына.

— Не, у нас так б’ецца толькі просты народ, — адгукнуўся Швэйк, — для адукаваных ёсьць футбол, бокс, бароканьне. Вось у «Банзэце» быў гаспадар, дык той, калі ў яго ўстанове пачыналі біцца, гасіў электрычнасьць і ў цёмным сам выкідаў усіх з пакою. Пайшоў ён неяк паглядзець на такое спаборніцтва ў футбол і, ідучы да хаты, зайшоў да нас, у «Поўную чару». Палівец у яго і пытаецца, як яму спадабалася гульня, а ён ў адказ: «Тут толькі і заўважаеш, наколькі мы ў Нусле адсталі ад пражцаў. У нас ня ўмеюць так біцца. Эх, крыўдна мне было толькі, што ня ўзяў я з сабой свае дубінкі. Я-б іх разьвёў, бітуноў тых!».

Бойка на двары дайшла да такога пункту, што Швэйк крыкнуў:

— Становішча крытычнае! Надыйшоў псыхолёгічны момант, калі, як казаў доктар Крамаржа, адзін бок бойкі пускае сабе ў порткі!

Аднак становішча выратавалі жонкі Трахіма Іванавіча і старасты, якія набралі ў калодзежы вады і пачалі разьліваць ёю байцоў. Пал іхны пачаў памалу спадаць і, нарэшце, зусім згас. стараста, мокры, як мыш, стаяў перад сваім ворагам, такім-жа мокрым, як і ён, і жаласна стагнаў:

— Ну, скажы, баранава твая галава, завошта мы, дурні, пабіліся? Навошта мы пана-бога злуем?

Потым ён, хістаючыся, пайшоў і хутка прыехаў на калёсах, седзячы на мяшкох з пшаніцай.