Старонка:Svejk.5.pdf/149

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Швэйк усё яшчэ сьмяяўся. Нарэшце, ён сказаў:

— Проста лажыся і памірай! Калі-б толькі ведаць, як і чым яна гэта зрабіла? Хлопцы, гэта-ж быў-бы цэлы капітал. У нас гэта давала-б прыбытак…

— Што ў нас давала-б прыбытак? — захацеў даведацца Марэк. А таму, што Швэйк не адразу адказаў, ён дадаў: — Тут у Расіі ўсё немагчымае — магчыма. Можа, у іх тут за нач усё зноў вырастае, як грыбы?

— Проста, у іх ёсьць для гэтага нейкая мазь, — сказаў Швэйк, — усё роўна як для росту валос ці бюсту. Браццы, каб я ведаў рэцэпт гэтага сродку, я-б вас азалаціў. У нас яно-б пайшло ух ты як! Я зьмясьціў-бы абвестку ў «Палітыцы» і ў мяне-б было больш буйнае прадпрыемства, чым у Одколека з яго пякарнямі. Гэтае-б куплялі ў мяне ўсе дзяўчаты, пачынаючы з дванаццаці год, а для ўдоў і паненак з добрых сем’яў я-б вырабляў гатункі мацнейшыя… Марэк, дзеля ўсяго, што табе дорага на сьвеце, скажы мне рэцэпт, калі ты яго ведаеш!

Швэйкаў голас задрыжэў; у ім чулася просьба і адчай… А Марэк, нахіліўшыся да яго, нібы хацеў яму нешта прашаптаць на вуха, што сілы крыкнуў яму тры разы ў самае вуха:

— Дурань! Дурань! Дурань!


*

З таго дню, як паехала Дуня, у хаце Трахіма Іванавіча час ішоў нудна. Толькі ў панядзелак яшчэ цягнуўся сьвяточны настрой. Гаспадар сядзеў з прыяцелямі за сталом; даядалі рэшту і высушылі цэлага бусла гарэлкі, якога гаспадар з хітраватай усьмешкай прынёс з каморы.

— Глядзеце, як я аб вас паклапаціўся! У муцэ схаваў, каб ніхто не знайшоў. А то гэтая галота грошай на гарэлку шкадуе, а выпіць ахвоча.

Пасыпаліся жарты і прыказкі. Стараста ўстаў і няцьвёрдым голасам сказаў:

— Памятаеце, браццы Гаўрыка Татарына, які на рынку цягаў за бараду бацюшку за тое, што той не хацеў за два фунты сала вянчаць яго па праваслаўнаму абраду з Настулькай Нічыпаравай? Забілі яго, сукінага сына, на фроньце, паклаў ён за цара-бацюшку сваю буйную галовачку!.. Вып’ем, браццы, за яго здароўе!