Старонка:Svejk.5.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Адкуль у цябе бяруцца ўсе гэтыя гісторыі? — сьмяючыся, спытаў Цьвяршына, а Марэк, пацягваючыся, сказаў:

— Дальбог, добра, што неўзабаве вясельле!

Урачысты дзень набліжаўся і стаў вялікім днём для нявесты і цікавым для Швэйка. Забілі сьвіньню і абсмалілі яе над запаленымі пукамі саломы; аблупілі купленага барана; гарэлку, якая няма ведама адкуль узялася, схавалі ў далёкі куток у каморы. Дуня з раніцы хадзіла ўся ў белым, у вянку з зялёнага лісьця і з васковымі бубачкамі на галаве.

Шлюб павінен быў пачацца а дванаццатай гадзіне, але ў гэты час маладога яшчэ ня было. На запытаньне Марэка, дзе-ж малады, Трахім Іванавіч адказаў:

— Пэўна чакае ў царкве. Ідзеце таксама наперад ў царкву, хлопцы.

Потым зьявіліся калёсы з запрашанымі маладой, тым часам, як паяжджане маладога спыніліся ля калёс, на якіх ён прыехаў з дружкамі.

Дуня пасьпешна адышлася, падбегла да вялікага крыжу перад царквой і прывязала да яго хвартух, такі-ж белы, як і яе ўбраньне. Калі Марэк запытаў Трахіма Іванавіча, што гэта азначае, дык той прамармытаў праз зубы:

— Гэта яна аддае шлюб хрысту, прыносіць яму, значыцца, у падарунак сваю дзявочую цноту.

Адправа скончылася. Сьпевакі прасьпявалі: «Ісайя, лікуй», і бацюшка пачаў шлюб. Ён узьдзеў на галовы маладым вялікія мядзяныя вянкі і даў ім выпіць з аднае чары віна; ён сьпяваў, вадзіў іх па царкве, як правадыр мядзьведзя, і вось Ільля і Дуня зрабіліся мужам і жонкай.

А вясковыя кумкі заўважалі, як Дуніна сьвякруха прыкладала хустку да вачэй, і паціху штурхалі адна адну:

— Бач, хітрая ліса! Чакай, галубка-маладуха, ня соладка будзе табе ў яе жыць!

Калі скончыўся шлюбны абрад, усе рушыліся да Трахіма Іванавіча. Ля дзьвярэй хаты стаяла старая Марта і, асыпаючы маладых хмелем, ячменем і пясковым цукрам, прыгаварвала:

— Ой-жа і будзе вам жыцьцё саладзей за цукар, ой-жа і зьвіецеся разам, як буйны хмель, ой-жа і будзеце вы пладней, чым зерне ячменнае.