Старонка:Svejk.5.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І вось аднойчы запрасілі яго на банкет у адным багатым рэсторане, з прычыны таго, што адзін студэнт, якога ён падвучваў, здаў экзамэн на доктара. Ну, Часнок пайшоў туды, сядзіць, есьць аж нос угібаецца. Раптам, акурат тады, як ён браў страву з талеркі, што яму падаваў кэльнер, яму нешта заказытала пад каўнерыкам; ён — раз, туды, — і ў тую-ж хвіліну яму ў талерку, проста ў соўс, зваліўся таракан і ляжыць сабе на сьпінцы, толькі ножкамі дрыгае… Мой Часнок, — апавядаў Швэйк, — так і пабялеў ад страху, што гэта могуць заўважыць, бо тады-б быў скандал. Але, на шчасьце, ніхто не заўважыў, апрача самаго гаспадара, які наглядаў за парадкам. Ён бачыў, як Часнака ўсяго скаланула над талеркай, зараз падыйшоў — зірк, у соўсе плавае, барахтаецца і вось-вось патане таракан! Цяпер ужо гаспадар рэсторану пабялеў, як палатно, схапіў талерку, прамармытаў: «Даруйце!» і як куля выляцеў з пакою. Вяртаецца ён праз хвіліну з чыстай талеркай і кажа Часнаку: «Прашу вас на хвіліну па важнай справе!» А ў канторы пакорна рукі склаў ды ледзь не на каленах пачаў прасіць: «Не пагубеце мяне, у мяне жонка і чацьвёра дзяцей. Розуму не дабяру, адкуль гэта брыда трапіла сюды, ды яшчэ жывая. У нас-жа ўсё працэджваецца і прасейваецца». І тут-жа дае Часнаку сто крон ды дадае: «Калі ў вас ня будзе грошай, дык прыходзьце зноў. Я ведаю, што азначае быць бедным студэнтам!.. А з вашага выгляду відаць, што вы бедны». Часнок гэты, — скончыў сваё апавяданьне Швэйк, — купіў, узрадаваўшыся, сваім тараканам адменную вячэру: пільзэнскага піва, чайнай кілбасы, сьвежага салату і нават гурочкаў. Ён пачаў зваць іх ня іначай, як сваімі «збаўцамі», і штодзень лавіў аднаго таракана і нёс з сабой у скрыначцы з-пад сярнічак. Ён пачаў абедаць і вячэраць у самых дарагіх рэсторанах з францускай кухняй, і заўсёды, як канчаў есьці, няпрыкметна для іншых, нібы запальваючы цыгару, пускаў у талерку свайго таракана і загадваў яе перамяніць. І так растаўсьцеў, што важыў блізка паўтараста кілё, здаў экзамэны на доктара і купіў сабе два аўтомобілі і дом ва Ўршовіцы. А цяпер, калі ў каго з яго кватарантаў заводзяцца тараканы, дык ён яго ў момант выганяе з кватэры, а сам усюдых пасыпае парашком і трымае ў сябе на кухні двух вожыкаў, за якія яму ўжо прышлося плаціць адступнога кухарцы, калі яна ў цемры наступіла на большага, і пракалола сабе палец на назе.