Старонка:Svejk.5.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З таго часу, як Дуня стоячы на каленах перад Ільлёвымі бацькамі, пакланілася ім нізка да зямлі, яна была дужа вясёлая і жартаўлівая. Часьцей, чым звычайна, яна выцягвала з кішэні кавалак люстэрка і пудрыла сабе твар. Яна ажно расьцьвітала ад думкі, што яна — маладая.

А калі па начах Трахім Іванавіч спаў, яна яшчаркай падпаўзала да Марэка, які спаў з краю, і шаптала, грэючы яго сваім гарачым целам:

— Ш-ш-ш! Не варушыся! Бач, хлапчанё наша навучылася ня спаць, калі Дуня да яго прабіраецца ноччу!

Але-такі прыбралі ўвесь хлеб. Адно поле ўжо аралі пад зімовае. Вечары сталі даўжэйшыя… І тады Швэйк даўміўся, што і ўбогае меню можна зрабіць больш рознастайным, бо ўсюдых зьявілася шмат грыбоў.

Удзень яны іх зьбіралі, а ўвечары Швэйк смажыў іх на масьле. Куры несьліся добра; таму яек хапала. А масла Цьвяршына памалу цягаў з каморкі, калі гаспадыні ня было ўдварэ. Такім чынам, пасьля гаспадарчай вячэры палонныя набівалі сабе вантробы смачнымі грыбамі.

Гаспадар, падыйшоўшы неяк да агню і ўбачыўшы гэтыя грыбы, плюнуў і зазначыў Швэйку:

— Чаму ты не ясі больш кашы ці хлеба? Цьфу, як гэта вы можаце есьці такую брыду?

А Швэйк, бачучы, як Марэк вылізвае кацялок з грыбамі, з радасным тварам сказаў:

— Цікава было-б ведаць, хлопцы, чым нас будуць частваць на вясельлі. Гаспадыня казала, што заб’е сьвіньню і купіць барана, што будзе пірог з мясам і што заказалі дзесяць фунтаў селядцоў. Вось гэты селядзец ім прысмак, а пра грыбы, якія ў нашых лепшых рэсторанах падаюць толькі важным панам, гэтыя людзі кажуць: «брыда». А таго не разумеюць, што людзі павінны карміцца рознымі спосабамі і што для іх кожная дробязь — на карысьць. Вось я, напрыклад, знаў аднаго мэдыка, на прозьвішча Часнок, быў ён дужа бедны студэнт, і рэпэтаваў багатых хлапцоў, каб ня здохнуць з голаду, і ўсё-ж скрозь галадаваў. Жыў ён у Падскале ў старым доме, дзе было шмат тараканаў, і калі прыходзіў дамоў, дык заўсёды прыносіў што-небудзь ім, бо яны былі адзіныя таварышы, якія з ім не разлучаліся.