Старонка:Svejk.5.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дуня прытулілася да яго, як п’яўка, і Ільлю каўнер яго чырвонай кашулі здаўся раптам цесным. У гэты момант маці яго адчыніла дзьверы, гаворачы:

— Пойдзем. Ня выйшла справа. Ім, бач, сто рублёў дай на пачастунак галоце. Галёшы я абяцала, на пяцьдзесят рублёў згодна, а гэтым ненасытным усё мала. Нічога, знойдзеш другую жонку.

А за ёй крычала Дуніна маці:

— Лепш я цябе сваімі рукамі затаплю, чым пушчу ў такую сям’ю. Прышлі па дачку, хочуць вынесьці ўсю гаспадарку. Зубы-б такому маладому павыбіваць…

Яны зноў выйшлі, запрэглі каня і паехалі. Праз дзесяць хвілін іхныя калёсы ізноў загрукацелі на двары; Ільлёў бацька саскочыў з іх і сказаў Трахіму Іванавічу:

— Слухай, сват, восемдзесят рублёў я можа і дам на пачастунак. Ты свой тавар добра прадаеш, ніхто ніколі так выгодна не прадаваў. Значыцца, восемдзесят рублёў, і сам я піць многа ня буду. Не вяртацца-ж нам з пустымі рукамі.

— Хай будзе на гэта воля боская, — уздыхнуў селянін і ўвайшоў у хату. Усе пайшлі за ім. Трахім Іванавіч зьняў са сьцяны абраз, Дуня і Ільля сталі на калены, і ён першы блаславіў іх, перадаўшы потым абраз іншым, якія зрабілі тое-самае. Пасьля гэтага селі вячэраць.

Такім чынам, Дуня была цяпер засватана; вясельле мелася адбыцца праз тры тыдні, і калі Марэк і Швэйк адшукалі свае саламяныя ложкі, Марэк з некаторай зайздрасьцю сказаў:

— Гэтай парачцы будзе шанцаваць у жыцьці. Яе блаславілі тым-самым абразом, якім старая ведзьма лячыла сьвіньню ад запору. Відаць, гэты сьвяты ў іх на ўсе рукі майстра!


*

Тыдзень узапар працавалі яшчэ на палёх, малацілі ячмень, вазілі сена і толькі ў нядзелю варочаліся ў хату. Цьвяршыне Трахім Іванавіч даручыў паправіць усе плугі і калёсы, тым часам, як сам ён, абедзьве дачкі, Марэк і Швэйк заставаліся ў стэпе, варылі кашу ў казанках і спалі на аднэй коўдры пад калёсамі. Малады, Ільля, прыяжджаў часам да Дуні верхам, часам да Дуні верхам, гутарыў з ёй, памагаў ёй варочаць сена, а потым зноў ехаў назад.