Старонка:Svejk.5.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Старая зноў выпрагла каня, загадала сыну і мужу вярнуцца і ўвайшла сама сьледам за імі; потым яна ўзяла Дуню за плячо, адчыніла дзьверы ў суседнюю каморку і штурхнула туды спачатку Дуню, а потым і свайго сына.

— Ну, пазнаёмцеся ўжо, ці што, — сказала яна, замыкаючы за імі дзьверы.

— З гэтага можа нядобрае выйсьці, — зазначыў Швэйк. — Камора без вакон, парачка сядзіць у цемры, і калі ім ня даць сьвятла, дык усё можа здарыцца.

А пакуль старыя абмяркоўвалі, каго паклікаць на вясельле, і колькі купіць гарэлкі, Ільля сядзеў у каморы на бочцы з салам ды пытаў Дуню:

— Ці бачыш ты, якія ў мяне добрыя боты?

У каморы было цёмна, як у калодзежы, і Ільля прашаптаў гэта зусім ціха. Дуня здагадалася, што Ільля хоча выпрабаваць, ці добры ў яе зрок і слых, і голасна адказала:

— Бачу. На іх мядзяныя падкоўкі і яны з добрай ляксаванай скуры. Дзе гэта ты іх купіў? Мабыць, больш чым дваццаць рублёў за іх аддаў?

— Дваццаць два заплацілі, — прашаптаў ён яшчэ цішэй, а Дуня зноў голасна сказала:

— Дваццаць два? А я думала, што і ўсе дваццаць пяць!

— Дык як-жа, пойдзеш ты за мяне? — запытаўся ўжо голасна Ільля, а Дуня адказала шэптам:

— А біць мяне ня будзеш? Напівацца, як сьвіньня, таксама ня будзеш?

— Я цябе ніколі біць ня буду, Дунечка, — млосна праказаў Ільля, — а п’ю я і так толькі ў сьвяты. І можа прыдзецца мне ісьці на вайну. Будзеш ты тады салдаткай.

Ён узяў маладую за руку, правёў па ёй пальцамі і памацаў яе крамяныя моцныя мускулы. Таксама памацаў ёй лыткі і сьцёгны, і ўсё, як выявілася, было такой добрай якасьці, што ён рашыў:

«Маці будзе задаволена, калі я ёй раскажу, як добра Дуня бачыць і чуе, і якія ў яе дужыя рукі».

А Дуні ён сказаў уголас, гладзячы яе па голых каленках:

— А галёшы я табе абавязкова куплю, каб ты бачыла, што я для жонкі нічога не шкадую.