Старонка:Svejk.5.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не, вы да нас прышлі, а ня мы да вас. Скажэце, што хочаце?

— Гэта-ж як на рынку на кірмашы, — зазначыў Швэйк, які з цікавасьцю прыслухоўваўся да слоў, як туды і сюды перакідваліся. — Ах, каб цябе! Добра было-б тут быць за фактара.

— Мы хацелі-б для нашага Ільлі маладую, — уставіў бацька маладога, — каб з самаварам, падушкамі…

— … ды з акутай медзьдзю скрыняй, — пасьпешна дадала старая.

— Добра, самавар мы дамо, падушкі таксама, але скрыні з медзьдзю няма, — рашуча сказаў Трахім Іванавіч. — Расьпісной скрыні для такой маладой, як наша Дуня, досыць. А медзь цяпер дарагая, усю яе забралі на гарматы для вайны… Ну, дык як-жа? Бярыцё дзяўчыну?

— Бярэм, але скрыня каб была акутая медзьдзю, — засупярэчыла старая, — а так нашаму Ільлі крыўдна…

Дуня, апранутая ў сьвяточнае ўбраньне, увайшла ў пакой. Усе, апрача маладога, зрабілі выгляд, нібы не заўважаюць яе, і Трахім Іванавіч сказаў:

— Хай будзе па-вашаму — дамо ёй і скрыню з мядзянымі цьвікамі, хоць Дуня-б магла знайсьці такога суджанага, як Ільля, і бяз скрыні. Але за гэта хай Ільля купіць ёй галёшы ды заплоціць за палавіну віна на вясельле.

— Што, маладой галёшы? І палавіну віна? — узлавалася будучая сьвякруха, схапіўшы адной рукой мужа за плячо, а другой штурхаючы Ільлю. — Хадзем, хадзем, сугляды былі дарма! Глядзеце, якія скнары, бессаромныя! Скрыні мядзянай даць ня хочуць, падушкі, пэўна, будуць набіты толькі напалавіну, а ім яшчэ давай галёшы ды плаці за віно!

Яна выштурхнула абудвых прадстаўнікоў моцнай палавіны ў сям’і з пакою, сама, лаячыся, паставіла каня ў аглоблі і пачала запрагаць. Але калі яна ладзілася ўжо зацягнуць лейцы, з хаты выйшла Дуніна маці.

— Ах ты божухна, ды ці не звар’яцела ты? Сама кажаш, што мы ня бедныя, а няхочаш, каб твой сын купіў маёй дачцы галёшы. Трэба-ж мне паглядзець, як малады сваю маладую паважае. А падушак, такіх, якія я дам за сваёй дачкой, у цябе і ў самой ніколі ня было.