Старонка:Svejk.5.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сына, дваццацёхгадовага хлапца ў высокіх ляксаваных ботах і ў чырвонай кашулі, падперазанай стракатым баваўняным шалікам, якія носяць у нас рамізьнікі ўзімку на шыі; потым яна запытальна зірнула на палонных і, нарэшце, на Трахіма Іванавіча.

Той зразумеў, таксама як і Марэк, што яна хоча пачаць гутарку пра справу, але саромеецца чужых. Таму гаспадар сказаў:

— Кажы, кажы, яны ані слова не разумеюць.

Марэк са Швэйкам адыйшліся да прыпеку, каб не перашкаджаць, пакуль пададуць самавар, а Цьвяршына выйшаў на двор. Матка маладога кашлянула, зірнула на абразы, на падушкі на прыпеку, на ясна вычышчаны самавар, і пачала:

— Дык вось, каб вы ведалі, чаму мы да вас прыехалі. У вас тавар, ды не абы-які, а ў нас — купец, таксама не абы-які. Наш Ільля добры чалавек, добры гаспадар і прыгожы хлапец, другога такога не знайсьці. І надыйшоў час узяць Ільлю жонку ў хату, — цягнула старая, нібы рэзала масла на кавалкі. — Дзяўчаты за ім так і віюцца, ды ён і слухаць ня хоча. Я выбрала для яго красуню, смуглявую, палкую, падыйшла да яго і кажу: «Ну, як, Ільля, пажэнім цябе з гэтай?» А ён адмаўляецца: «Што вы, што вы, мамачка? У нас і курыцы на дварэ чорнай няма, а вы хочаце, каб я ўзяў сабе жонку чорненькую». Ну, а потым ён ужо мне прызнаўся, што яму ваша Дуня спадабалася і што пакахаў ён яе моцна і за жонку ўзяць хоча. А я дык яе і ня ведаю і ня бачыла. Дзе-ж яна ў вас?

Наталка пабегла паклікаць сястру. Маці перачакала паўзу, а потым соладка казала далей:

— Ільля-б мог знайсьці маладую і багацейшую і прыгажэйшую, чым ваша Дуня, але мы і самі ня бедныя і можам дазволіць сыну ўзяць тую, якая яму падабаецца. А колькі вы за Дуняй даеце?

Цяпер адказала гаспадыня, Дуніна маці:

— А колькі і што вы просіце?

— Ды колькі-ж вы даеце?

— А на што вы спадзяецеся?

— Што-ж, тавар-жа ваш. Чый тавар, таго і цана.

— Гэта правільна, тавар наш. Але скажэце-ж тады, колькі вам на яго паходу даць!

— Самі вызначце!