Старонка:Svejk.5.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта-ж ня мой конь! Гэта конь, якога я летась прадаў Пётры Гаўрылаву!

У гэты момант пяцьдзесят чалавек з крыкам: «Дзе канакрад? Бі яго, жыўцом яго ў зямлю!» пад’ехалі да двара і спыніліся, убачыўшы Швэйка з гаспадаром. Трахім Іванавіч выйшаў да іх і, разводзячы рукамі, сказаў:

— Дурні-ж яны, сапраўдныя дурні! Ну што з імі зробіш? Паслаў я яго па коні, а ён прыяжджае на чужым! Коні яго не пазнаюць, валоў ня можа знайсьці, а яшчэ кажа, што пісьменны і ўдварэ штодзень газэту чытае! Бярэце вы, хлопцы, гнядога з сабою ў Каралёўку! А Пётры Гаўрылавічу ад мяне шчырае прывітаньне!

Сяляне, пачухаўшы патыліцы, павярнулі коняй і паехалі назад, а Трахім Іванавіч злосна плюючы і клянучы Аўстрыю і аўстрыйцаў і той дзень, калі яму ў галаву прышла няшчасная думка ўзяць у парабкі палонных аўстрыйцаў, раптам узьняў галаву і зьдзіўлена прыслухаўся. За дваром чуўся голас Цьвяршыны: .

— Нно, цобе цоб!

— Ну хоць валоў ён прыгнаў дадому, — весела ўсьміхнуўся селянін. — Гэй, хлопцы, запрагай. Два разы па сена сёньня зьезьдзім.

Першая пара валоў ступіла на двор, і з вуснаў Трахіма Іванавіча вырвалася грубая лаянка. А потым двор напоўніўся валамі, каровамі, цёлкамі, авечкамі і козамі, і Трахім Іванавіч пачаў ірваць на сабе валасы і разьюшаны кінуўся на Цьвяршыну, які горда стаяў сярод шумлівага статка.

— Я-ж… тваю маць, казаў табе прыгнаць толькі валоў. А што ты, сукін сын, зрабіў? Падлюга, паскуда аўстрыяцкая! Гэта-ж ня нашае быдла! Гані яго зараз-жа туды, адкуль узяў! У, пракляты! Так-бы і забіў цябе, нягодніка!..


*

Калі яго злосьць крыху адышла, ён паклікаў дачок; тыя прыбеглі, і ён загадаў ім:

— Папрасеце ў суседзяй трох коняй! Хутчэй! Мы самі паедзем па валоў!