Старонка:Svejk.5.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось каб капітан Загнэр убачыў мяне такога, — вёў Швэйк далей гутарку з самім сабой. — Ён навучыўся-б у мяне, як весьці роту ў бой. Дальбог, гэта-ж зусім, як у нас у арміі — шэрае быдла наперадзе, а офіцэры ззаду.

Швэйк выпрастаў грудзі, горды высокім становішчам, якое здабыў у палоне, і на усё горла пачаў камандваць:

— Рота — стой! Паўзварот улева! Першая шарэнга кладзіся! Другая шарэнга — з калена! Проста па цэлі — плі!

Яго каманда далёка разносілася па стэпу. Нейкі стары селянін, які варочаў сена, азірнуўся, углядзеўся, прыкрываючы вочы далоньню, і раптам як мага закрычаў:

— Гэй, праваслаўныя, ратуйце! Трымай яго, аўстрыйца, канакрада! Гэй, праваслаўныя, трымайце яго, чортавага сына! Чакай, паскуда, пакажуць табе!

Ён пабег на суседняе поле, адвязаў ад калёс каня, ускочыў на яго, і наўскачка паляцеў за Швэйкам з прарэзьлівым крыкам:

— Канакрад! Канакрад! Бі канакрада, бі яго! Пятро Гаўрылаў, глядзі, канакрад! Ён у цябе каня ўкраў!

Гвалт, узьняты гэтым старым, гучэў як трубны голас у дзень страшнага суду. З усіх бакоў зьявіліся на конях сяляне, кабеты, дзяўчаты і дзеці і па стэпу пракаціўся шматгалосы рык:

— Бі яго! Ён у Пётры Гаўрылавага каня ўкраў!

Як мага паганяючы коняй, коньнікі стараліся абкружыць Швэйка. Той, адчуваючы, што з гэтага вялікага дабра ня будзе, кінуў валоў і пусьціў свайго каня наўскач, што сілы б’ючы яго пяткамі па бакох.

Крыкі пагоні зрабіліся яшчэ больш грознымі. Самы адважны, выючы ад злосьці, паймчаўся проста на Швэйка, у якога конь упудзіўся і панёс. Ён спачатку ўзьняўся на дыбкі, а потым рынуўся наперад з такім імпэтам, што Швэйку прышлося ўчапіцца аберуч у грыву, каб не зваліцца; ледзь кранаючыся капытамі зямлі, выцягнуўшыся, як птушка, ён стралою імчаўся па палёх і завярнуў проста на адвор да Трахіма Іванавіча, які выйшаў якраз з Марэкам зірнуць, калі-ж, нарэшце, палонныя прыгоняць жывёлу.

Швэйк кумільгам скаціўся з каня.

— Ну, дзе ты іх знайшоў? Чаму ты так ляцеў, як шалёны, чаму ён у цябе ўвесь у мыле? — запытаў Трахім Іванавіч, а потым, уважліва зірнуўшы на каня, крыкнуў: — Ах ты божухна, ды