Старонка:Svejk.5.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Трахіма Іванавіча. Калі ён стыкаўся дзе-ні-дзе з параю валоў, якія пасьвіліся асобна, дык яны ўцякалі, задраўшы хвасты з працяжным мычэньнем, і пачыналі пасьвіцца на недасяжнай адлегласьці. Швэйк падумаў:

— Бач ты — ведаюць, што трэба цягаць цяжкое, і ня хочацца. Шчасьлівыя гэтыя валы — знаходзяць сабе ежу нават тады, калі нічога ня робяць, а таму ім і ня трэба нічога рабіць. Пляваць ім на Трахіма Іванавіча.

Гэтак-жа сама, як і валы, паводзілі сябе і коні, калі Швэйк спрабаваў падыйсьці да іх. Расьпінаючы ноздры, яны злосна порскалі, брыкалі, а праз хвіліну ўжо імчаліся з грываю па ветры прэч цераз стэп.

Было горача. Ад гэтай пагоні Швэйк на сьмерць змарыўся. Ён зьдзеў куртку, разаслаў яе і крыху задрамаў, а потым зноў пачаў бегаць за валамі і коньмі.

Ён быў ужо недалёка ад суседняе вёскі, калі, нарэшце, шчасьце павярнулася да яго тварам. Разам са статкам кароў пасьвілася некалькі коняй, сярод якіх ён спазнаў рабочага каня свайго гаспадара.

Ён зараз-жа падыйшоў, гукаючы яго: — Гнедка, Гнедка! — Іншыя ў спалоху кінуліся ў розныя бакі, а Гнедка выцягнуў шыю і ўзяў прапанаваны яму кавалачак хлеба.

Гульня была выйграна. Швэйк схапіўся за конскую грыву, ўскочыў яму на сьпіну, адабраў шэсьць валоў, якіх ён шчыра лічыў за ўласнасьць Трахіма Іванавіча, і пагнаў іх, гойсаючы вакол іх, у тым напрамку, адкуль прышоў.

Гэта была надзвычайная праца, бо валы ня выяўлялі аніякага жаданьня слухацца. Яны разьбягаліся ўва ўсе бакі, жаласна мычэлі і імкнуліся назад у статак. Ледзь Швэйк пасьпяваў вярнуць аднаго, як уцякала трое іншых.

— Т-так, быць каўбоем ня надта ўжо лёгка, — прамармытаў Швэйк. — Чорт ведае, што такое! Я на вайсковай службе колькі год слухаўся рознага быдла, а вы ня хочаце слухацца мяне? Цікавая рэч — няўжо адзін чалавек ня можа справіцца з шасьцю жывёлінамі, калі некалькі жывёлін кіруюць цэлымі дзяржавамі!

Гэтыя словы нібыццам зрабілі ўплыў на валоў. Мабыць гэта вышла таму, што статак зьнік з іхных вачэй, застаўшыся па той бок пагорку, але так ці іначай яны зьбіліся ў адну кучу і пабеглі трушком наперад.