Старонка:Svejk.5.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

8

СУГЛЯДЫ І ВЯСЕЛЬЛЕ

Увесь хлеб памалацілі і ссыпалі ў засекі, сонца зьзяла ўжо два дні, і ў суботу Трахім Іванавіч абвясьціў:

— Сёньня мы будзем вазіць сена. Гэй, хлопцы, схадзеце ў стэп ды прыганеце з пашы коняй і кароў.

Палонныя пайшлі раненька-рана. У стэпох ад буйнае расы ўзьнімаўся лёгкі белы туман, які слаўся па самай зямлі. Яны ішлі ўжо больш за гадзіну ў кірунку, паказаным ім гаспадаром, па палёх, на якіх ім сустракаліся людзі, коні і валы, але ўсё яшчэ не знаходзілі жывёлы Трахіма Іванавіча.

— Ах ты божухна! — крыкнуў раптам Марэк. — Мы-ж ня ведаем, хто і дзе яе пасьвіць. Я зьбегаю назад ды запытаю ў гаспадара.

— Дальбог, — пацьвердзіў Швэйк, — мы ўжо цэлы тыдзень яе ня бачылі. Мабыць яе пасьвіць агульны пастух.

— Не, тут ніхто яе ня пасьвіць, — разважыў Цьвяршына. — Я, напрыклад, ніколі яшчэ ня бачыў нікога каля статку.

Марэк пайшоў, а Цьвяршына прапанаваў Швэйку:

— Ідзі ты направа, а я налева. Калі знойдзеш, дык крыкні, ці я крыкну.

— Калі знойдзеш коняй, дык дагані мяне верхам, і мы разам паедзем на іх, падганяючы перад сабой валоў, — крыкнуў Цьвяршыне ўсьлед Швэйк.

З гэтымі словамі яны разыйшліся, і Швэйк засігаў адзін па стэпу, пільна паглядаючы навокал, каб знайсьці быдла свайго гаспадара.

На іржэўніку пасьвіліся вялікія статкі кароў і коняй, але Швэйк нідзе ня бачыў жывёлу, якая-б была падобна да жывёлы