Старонка:Svejk.5.pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Швэйк зірнуў на Марэка, які качаўся со сьмеху і сур’ёзна сказаў:

— Ён добра робіць, што ўцякае ад яе як далей. Старожа лепш, як варожа. Гэтай старой ня цяжка разануць яшчэ раз. Ён зусім як Іосіф прыгожы, які ўцякаў ад жонкі Пэнтэфрыя, калі яна спакушала яго, і пакінуў ёй толькі сваю накідку. Але ўжо, калі тут здарыцца каму-небудзь захварэць, дык яму трэба набыць парасон, каб бабы не заплявалі яго сьвянцонай вадой да сьмерці. Гэта таксама нейкая недарэчнасьць, але з цягам часу ўсё будзе зразумела. Вось у адным мястэчку пад Кладно быў бургомістр, нейкі пан Саска, і да яго пад час мобілізацыі прыбег поліцыянт ды кажа: «Пан бургомістр, хадзеце, калі ласка, прашу вас, да суда і зірнеце, што там здарылася!» Ну, ён зараз-жа падаўся туды, бо політыянт быў як няпрытомны ад хваляваньня, і бачыць, што ля будынку суда стаіць ужо жандар са стрэльбай на плячы, а ля ног у яго нешта накрыта ківерам. Убачыўшы бургомістра, жандар узьняў крыху ківер і пытае: «Калі ласка, пан бургомістр, ці ня ведаеце вы, прашу вас, хто мог гэта зрабіць?» Бургомістр, гэты пан Саска, глядзіць і бачыць — перад самымі дзьвярыма ляжыць вось гэткая кучка, а ў яе ўладжана паштоўка з намаляваным на ёй яго вялікасьцю імпэратарам. Бургомістр ледзь стрымаўся ад сьмеху, бо ён зусім ня быў вялікі монархіст, а поліцыянт кажа: «Я, пан бургомістр, прывяду вам вашага Рэкса. Гэта добры сабака, амаль што поліцэйскі. Ён адразу пазнае па паху». Зьбегаў ён па Рэкса, а той абнюхаў кучку, зірнуў сваімі разумнымі вачыма на бургомістра і на жандара, а потым падняў заднюю лапку і абліў сьвятую асобу імпэратара. Жандар, як гэта ўбачыў, дык і паваліўся няпрытомны. А калі яго ачулілі, дык ён тут-жа арыштаваў пана Саску разам з яго Рэксам і адправіў іх проста ў прокуратуру ў Кладно; адтуль яго ўжо аднаго павезьлі ў Прагу, а Рэкса павесілі на рынкавым пляцы ў Кладно, на страх усім бунтаром. Бургомістрава жонка, пані Саска, дужа хацела ведаць, за што арыштавалі яе мужа; вось яна і напісала яму, бо наслухалася ад яго што-колечы пра артыкулы закону: «Напішы мне, на які артыкул ты спатыкнуўся!» Праз некалькі дзён прыходзіць да яе адказ з Панкраткі: «На 58-ы артыкул крымінальнага кодэксу». Ён, значыцца, напісаў ёй, як па самавучыцелю Вымазаля, а яна ўзяла ў дварэ грамадзянскі кодэкс, знайшла ў ім 58-ы артыкул і чытае: