Старонка:Svejk.5.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яна зноў зьдзела кажух, якім яна накрывала раніцой сьвіньню, прымусіла Цьвяршыну апрануць яго, загадала перанесьці хворага на сена і строга загадала Трахіму Іванавічу:

— Пастаў увечары самавар, натры аўстрыйцу сярэдзіну гарачым алеем ды дай яму піць чай, колькі яму захочацца. А раніцой я прыду вымаліць для яго боскае блаславеньне. Ды глядзі, каб тры фунта сала самага лепшага былі гатовы!

Перад тым, як легчы спаць, Швэйк нацёр Цьвяршыне сярэдзіну і зрабіў яму масаж. Цьвяршына жаласна стагнаў і вохкаў. Дуня прынесла гарачы самавар. Хворы праглынуў няма ведама колькі гатаванай вады і ноччу сказаў Швэйку:

— Я зьмяк, што мыш! Цяпер я ўжо не памру, я ўвесь спацеў!

Раніцой, як яго вынесьлі на двор, зьявілася Марта, не гаворачы ані слова, нахілілася над ім і пырснула яму ў твар сьвянцонай вадой, якую яна ўсю дарогу з хаты трымала ў роце. Цьвяршына ўздрыгнуў ад некачанасьці і зноў пачуў, як у яго ў сярэдзіне нешта хруснула, пасьля чаго яго нібы заліло цёплай хваляй. Усьлед за гэтым яна прымусіла яго выпіць цэлую конаўку сьвянцонай вады. Калі ў ім нешта забуркацела, старая пачала хадзіць вакол яго з абразом. Нарэшце, яна стала ля яго на калені і выцягнула з кішэні кавалак хлеба. Швэйк, які стаяў ля Цьвяршыны ў галовах, параіў яму:

— Глытай, глытай, не разважаючы, каб нам ня прышлося расшчапляць табе зубы калом. Старая — разумная баба і нічога ня робіць так сабе. Гэй, старая, з нажом ты ня дужа сьпяшайся! Ён — чалавек жанаты.

Замест адказу Марта выцягнула з кішэні ножык. Цьвяршына ўскочыў як ашпараны, скінуў з сябе кажух, за які старая старалася яго затрымаць, і пабег праз двор, а старая імчалася за ім, галосячы ўсьлед:

— Вазьмі хлеба, зьеш сьвятога хлеба. Я яго проста ад бацюшкі прынесла!

Але Цьвяршына, як толькі абярнуўся і ўбачыў старую з нажом у руцэ, што сілы закрычаў:

— Не падыходзь, старая, не падыходзь! Заб’ю, а рэзаць сябе ня дам! У мяне ў дварэ жонка маладая! Я ўжо зусім здаровы! Ня дам сабе нічога рэзаць!