Старонка:Svejk.5.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зрабіў цуда, якога ў яго прасілі, сьвіньня яшчэ раз прарэзьліва завішчэла, потым задаволена рохнула і ззаду ў яе пачалі выальвацца зьбітыя камякі напалавіну пераваранай пшаніцы. Пасьля гэтага сьвіньня пабегла на поплаў і пачала пасьвіцца, нібы з ёй зусім і ня здарылася трагэдыя, за якую яна ахвяравала хвост.

З зусім зразумелай цікавасьцю пазіралі Швэйк і Марэк на гэтае цуда шаптунскага лячэньня. Трахім Іванавіч мармытаў нешта амаль такім здаволеным тонам, як сама пацыентка, калі з яе вываліўся першы камяк; падыйшоўшы да Марты, ён сказаў ёй нешта, і паказаў разам з гэтым на Цьвяршыну.

Старая падыйшла да хворага і запытала, што ў яго баліць, а потым зьвярнулася да Трахіма Іванавіча.

— Дасі мне за ўсё тры фунты сала? Два за сьвіньню і фунт за аўстрыйца? Дальбог менш ніяк нельга. Сам, здаецца, бачыў, што бог не адразу выконвае малітву сваёй недастойнай рабы. Давялося доўга прасіць яго, пакуль ён, бог літасьцівы, вылячыў сьвіньню. Што-ж ты думаеш, ён так проста зьлітуецца над аўстрыякам, нашым душагубам?

— Больш чым два фунты ня дам! — рашуча сказаў Трахім Іванавіч. — Паўтара за сьвіньню і паўфунта — за аўстрыйца, Ну, сьвіньня — мая, гэта я разумею. Але палонны? Ваеннапалонны гэта — дзяржаўны чалавек, і мне да яго клопату няма. Зьлітуйся, Марта, зрабі добрую, боскую справу! Бога ад лішняга цуда не паменее. А мне работнік патрэбны. Скажы сама, няўжо-ж мне яго дарма карміць, ці весьці цяпер, у самы прыпар, за сто вёрст у бальніцу? Так і ведай: ён — чалавек дзяржаўны, і яго належыць лячыць зусім дарма!

— Не, менш, чым за тры фунты я ня згодна! — таксама рашуча заспрачалася старая. — У тваёй сьвіньні пудоў дзесяць будзе, а ты з боскай угодніцай сьпіраешся за цану? І ня сорам табе? Бога ўгнявіць не баішся? Вось у старасты сьвіньня захварэла, дык ён мне пяць фунтаў сала даў!

— А ты, старая ведзьма, — сур’ёзна зазначыў ёй селянін, — ня можаш, ці што, дарма памаліцца за чалавека, каб бог вярнуў яму здароўе? Захоча бог — чалавек палепшае, не захоча — памрэ… Ну, увогуле, я дам табе два з палавінай фунты сала.

Марта зразумела, што такога гонорару, якога яна вымагала, усё роўна не атрымаеш, і таму згадзілася.

— Але толькі глядзі, каб сьвежага, не сапсаванага.