Старонка:Svejk.5.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Убачыўшы, што Швэйк пачаў працаваць больш жвава, гаспадар трахануў валасамі і сказаў:

— Вашы песьні таксама ня дрэнныя, але нашы, рускія, лепшыя. А калі ты ясі расійскі хлеб, дык сьпявай і расійскія песьні. А, вось і Марта, якая ўзялася вылячыць нашу сьвіньню. Давай, хлопцы выганім сьвіньню на двор.

Яны выцягнулі сьвіньню, якая ляжала з разьдзьмутым пузам у сваім хляве, на двор. Да яе падыйшла старая няпрыгожая шаптуніха, зьдзела кажух і накрыла ім сьвіньню, у якой быў, відаць, запор. Потым старая, седзячы на кукішках, памалілася над хворай жывёлай, перахрысьціла яе і, набраўшы ў рот сьвянцонай вады з нейкае бутэлечкі, прыснула ёй паміж вачэй. Сьвіньня рохнула ад асалоды ад гэтага душу, і старая зноў перахрысьціла яе, цяпер ужо лоб. Нарэшце, яна скачала з хлеба з нейкімі сушанымі лістамі галку, абліла яе алеем, абпырскала сьвянцонай вадой і, калі Трахім Іванавіч разявіў сьвіньне зяпу паленам, засунуў ёй гэту галку як мага глыбей у глотку, каб прымусіць яе праглынуць зельле.

Пасьля гэтага старая пайшла ў хату, прынесла адтуль другі абраз і, нешта мармычучы ды бесьперастанку хрысьцячы сябе і сьвіньню, пачала хадзіць усё больш і больш шчыльнымі кругамі вакол сьвіньні, пакуль абраз не крануў яе хваста.

Тады яна некуды пайшла і вярнулася толькі па абедзе. Сьвіньня, відаць, дужа мардавалася, бо пры самым маленькім руху прарэзьліва вішчэла.

Старая зноў села ля яе, дасьледуючы, памацала яе ногі, абпырскала іх сьвянцонай вадой і раптам адным махам доўгага вострага нажа адрэзала ў яе хвосьцік, пырснуўшы з роту ў сьвежую рану апошні запас сьвянцонай вады.

Сьвіньня падскочыла, нібы яе падкінула моцнай сталёвай спрунжынай, і пачала кумільгам бегаць па двары, з віскам, ад якога зьвінела ў вушшу. А старая, узьняўшы перад сабой абраз, бегала за сьвіньнёй і крычала як звар’яцелая, аж нельга было зразумець, ці яна ашалела ад сьвіньні, ці сьвіньня ад яе.

Нарэшце, сьвіньня спынілася, прысела… і з-пад акрываўленага абрубка хваста пачалася жудасная страляніна. Старая хуценька вымазала сабе палец мылам з маслам, таркнула яго ў дзюрку, адкуль з імпэтам ірваліся газы, і паклала абраз на напружаную сьпіну жывёлы. І вось намаляваны на абразе сьвяты