Старонка:Svejk.5.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А сама ўся дрыжыць і зубамі ляскае, як сабака, калі той ловіць скочак. «Гаспадар, даруйце, наконт Яшэка — гэта хлусьня, і наконт гаспадыні — таксама хлусьня. Я толькі не хацела вас так адразу палохаць з каровай».

— Браццы, — прастагнаў Цьвяршына, як Швэйк скончыў, — калі я памру, дык падзяліце паміж сабою па шчырасьці маю маемасьць. Ты, Марэк, вазьмі мой ранец, а табе, Швэйк, я пакідаю свой чайнік. І памалецеся за спакой мае беднае душы.

— Пра гэта не клапаціся, таварыш, — пасьпяшыў супакоіць яго Швэйк. — Так і ведай, пахаваньне мы табе наладзім адменнае, як ваяку, які памёр на полі бою, хоць цябе і ўгробіла нейкая паскудная сьвіньня. Давай мы цябе перанясём на двор, каб ты бачыў нас і табе было ня так сумна паміраць у адзіноце.

Яны вынесьлі Цьвяршыну з пуні, паклалі яго на бярэма саломы, і Швэйк, круцячы ручку млына, зацягнуў пахавальны марш.

Было цяжка мяне, маці,
На сьвет белы нараджаці.
Як пачаў-жа падрастаці,
Дык пагналі ваяваці.

Далі мне ў рукі зброю,
Далі стрэльбу, гостры штых,
Як пагоняць у пекла бою, —
Ня сумуй па сыне ты!

Твае ласкі не атуляць
Сына ў жорсткай барацьбе.
Без цябе цяпер, матуля,
Знойдзе месца ён сабе!

Будзе ў Польшчы адпачынак.
Пад расійскаю рукой.
Я звалюся на лагчыне,
І знайду там супакой…

Чым далей Швэйк сьпяваў, тым больш марудны і жалобны рабіўся ў яго голас і тым павольней круціў ён ручку млына, так што Трахім Іванавіч зусім зганіў ягоную песьню і сам пачаў круціць, ушчуваючы Швэйка.

— За рускай працай сьпявай і рускую песьню. Во як!..

І ён завёў удалую дрындушку, круцячы ў такт ручку млына, аж асьцё з імпэтам разьмяталася ўва ўсе бакі.