Старонка:Svejk.5.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ноч, дык гэта, прабачце, ня жарты. Трэба добра наесьціся, каб гэта, значыцца, вытрымаць. Ваша прэпадоб’е, вы мне ўжо даруйце. Я ніколі больш ня буду красьці гусіну, калі яна будзе стаяць ня ў сенцах, а ў замкнутай кухні». Ну, поп дараваў яму адпушчэньне грахоў, а потым Зямелька вышаў і кажа сваім прыяцелем: «Вы яму проста так і кажэце, хлопцы, хто вы такія, бо ён разумее нашы музыканцкія грахі. Можа ён нашай пароды, бо страшэнна падобны да старога Ганшпаха са Стрункавiцэ, каб лёгкай яму зямля была, якi туляўся больш тут, у Баварыі, чым у сябе на радзіме».

І Швэйк пачаў уважліва разглядаць расійскіх салдат, што хадзiлi ўзад і ўперад перад пуняй, з доўгімі вінтоўкамі і трохканцовымi штыхамi на плячох, i з заклапочаным выглядам дадаў:

— Вось так i з намі тут можа ўсякае ліха здарыцца, пакуль не навучымся, як сьлед, гаварыць. На практыцы яно заўсёды так «проста і хутка», як па самавучыцелю Вымазалю. Адзiн бог сьвяты ведае, колькі разоў мяне яшчэ будуць лупцаваць па мордзе, калi я буду верыць прыказцы, што ласкавым словам усяго дамагчыся можна. Але самае галоўнае — гэта, што нельга нікому, у каго срэбныя або залатыя пагоны, гаварыць: «…тваю маць».

— Табе што? — спытаў расійскі салдат, пачуўшы апошняе Швэйкавае слова. — Курыць?

Салдат палез у кішэню, выцягнуў нейкую маленькую пачку, адсыпаў Швэйку нечага ў жменю і пайшоў.

У Швейка, які, вядома, не зразумеў салдата, засталася ў жменi кучка крошак, падобных да дробна пасечанай кукурузнай саломы. Швэйк, капрал і рэшта палонных разглядалi невядомыя зерняткі, якія бясспрэчна мелі якое-небудзь прызначэньне, але ніхто ня ведаў, што з імі рабіць.

— Есьцi iх, як быццам, нельга, — зазначыў Швэйк, паклаўшы некалькі гэтых крошак у рот. — Пячэ, каб на яго ліха.

— А можа гэта парашок ад вошай? — здагадаўся капрал. — Сьмярдзіць ад яго здорава. І ўсё тут ня так, як у нас.

— Гэта хутчэй за ўсё расійскі чай, — утыкнуўся ў гутарку адзін з палонных. — Я бачыў, як расiйцы прыносілі вунь адтуль з катла вар і перш, чым разьліць яго ў чайнікі, нешта туды засыпалі. Дай, браце, сюды крыху ў гэтую бляшанку, а я прынясу вады.