Старонка:Svejk.5.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нічога і ня было, бо Трахім Іванавіч паставіў абраз каля галавы хворага і ўпэўнена сказаў:

— Цяпер маліся ёй і да раніцы ўсё будзе добра. Да раніцы яна цябе вылячыць.

Але ў вечары Цьвяршыні зрабілася горш. Ён адно стагнаў, ня маючы сілы паварушыцца, і з такім запалам маліўся, што Швэйк, узрушаны, сказаў:

— Гэтая сьвятая ня ведае, дзе табе баліць. Давай, Марэк, падымем яго, і ты яе падсунь яму пад сярэдзіну, каб ёй ня трэба было так доўга шукаць і каб яна хутчэй здолела яго вылячыць.

Узяўшыся разам, яны падсунулі яму абраз пад сярэдзіну. Цьвяршына заснуў, але ноччу прачнуўся і разбудзіў Швэйка:

— Слухай, — сказаў ён, — прыбяры ты яе, калі ласка. Яна мне можа і дапамагла, ды рама праклятая замінае і муляе. Ад яе ў мяне ўжо двойчы трашчэла сярэдзіна, хоць і ня надта балюча.

Раніцой Трахім Іванавіч памацаў у Цьвяршыны сярэдзіну, якая дужа апухла, і злосна прамармытаў:

— Ну, вось, і гэты хворы, і сьвіньня! Гэта-ж трэба такая шкода!

І невядома было, ці шкадаваў ён палоннага, ці толькі сьвіньню.

Швэйк адчуў гэтую двухсэнсавасьць ягоных слоў і, пераказаўшы свае ўраджаньні Марэку, сказаў:

— Гэта таму, што ў вясковых наогул ўва ўсіх добрыя сэрцы. Гэта я ведаю ўжо даўно. Вось у нас на радзіме быў адзін заможны селянін, якога звалі Півонкай, дык той пайшоў неяк у піўніцу і засеў там з адным гандляром цыбуляй гуляць у шэсьцьдзесят шэсьць. Раптам па яго прыбягае батрачка: «Гаспадар, калі ласка, ідзеце хутчэй дадому, гаспадыні чамусьці нядобра!» А ён павярнуўся і кажа: «Скажы, што я зараз прыду. Бабку ўжо паклікалі? Ну, дык скажы ёй, каб яна сьпяшалася». І гуляе далей. Праз нейкі час бяжыць другая батрачка: «Гаспадар, хутчэй да хаты! Сынок ваш, Яшэк, зваліўся з даху на дровы, і вось доктар яго ніяк ня можа адчуліць». Півонка нават і не абярнуўся. «Скажы, — кажа, — што я прыду як скончым партыю…» Праз гадзіну першая батрачка зжо зноў тут: «Гаспадар, бяда! Што нам рабіць? З каровы, з Лысой, цялё выходзіць заднімі нагамі наперад, і вэтэрынар тут, а карова ня можа ацяліцца!»